Прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Мінскай вобласці з пачатку года паказваюць рост. Будаўніцтва Беларуска-кітайскага тэхнапарка ўваходзіць у актыўную стадыю, а мадэрнізацыя састарэлых вытворчасцяў працягваецца. Пра гэта сёння заявіў губернатар сталічнага рэгіёна Сямён Шапіра. Кіраўнік вобласці правёў прэс-канферэнцыю ў Слуцку. Расказвае Аляксей Кандраценка.
Камфортныя ўмовы працы, ніякага пылу ад ільнотрасты ў цэхах і пастаянна вялікія аб'ёмы перапрацоўкі сыравіны. Плюс безадходная вытворчасць - з рэшткаў робяць паліўныя брыкеты.
Слуцкі льнозавод адзін з найбуйнейшых не толькі ў Мінскай вобласці, але і ва ўсёй Беларусі. Пасля маштабнай мадэрнізацыі на прадпрыемстве літаральна пачалося другое жыццё.
У выніку колькасць рабочых месцаў павялічылася. Разам з гэтым, акрамя ўнутранага рынку, у льнозавода з'явіўся і экспартны гарызонт.
Свае плюсы ад мадэрнізацыі і на Слуцкім сыраробным камбінаце. Дзясяткі відаў прадукцыі з малака без працяглых тэрмінаў захоўвання. Нават непрафесіянал зразумее: гэта прыкмета натуральнасці. Менавіта за высокую якасць слуцкую малочку любяць далёка за межамі Беларусі. Асобна на мадэрнізацыі вытворчасці спыніўся і губернатар вобласці. Сямён Шапіра перакананы: працягваць трэба, але пры гэтым дэталёва ўзважваць усе за і супраць.
Яшчэ адна тэма – развіццё Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка «Вялікі камень».
Сямён Шапіра, старшыня Мінскага аблвыканкама: "У нашых адносінах гэта вельмі важна. Ужо ёсць пяць рэзідэнтаў гэтага парка. Цікавасць праяўляюць расіяне, змянілася колькасць акцыянераў, дадалася буйная кітайская карпарацыя".
Яшчэ адзін важны аспект - падбор кадраў на пасады кіраўнікоў. Прыклады Чэрвеньскага, Стаўбцоўскага, Лагойскага і Слуцкага раёнаў пацвердзілі формулу поспеху, якую сёння прапануе губернатар.
Святкаванне 70-годдзя Вялікай Перамогі, развіццё аграэкатурызму. Усяго больш за 10 пытанняў і адказы з першых вуснаў. Аб'ектыўную інфармацыю аб жыцці Мінскай вобласці цяпер атрымаюць не толькі беларусы, але і нашы суседзі. На гэты раз да фармату выязной прэс-канферэнцыі губернатара далучыліся і расійскія масмедыя.













