Прадпрыемствы лёгкай прамысловасці Мінскай вобласці дэманструюць упэўнены рост вытворчасці прадукцыі

8 июня 2016

Пакупніцкі інтарэс і правільная маркетынгавая палітыка павялічваюць долю продажаў на ўнутраным рынку і пашыраюць геаграфію экспарту. Акрамя таго, вытворцы сёння ў пошуках новых фарматаў супрацоўніцтва як з патэнцыйнымі пакупнікамі, так і з вольнымі дызайнерамі. Так, у адным з буйных прадпрыемстваў па вытворчасці трыкатажу ў цэнтральным рэгіёне напярэдадні падвялі вынікі конкурсу па пошуку талентаў.

З работамі пераможцаў, якія складуць новую абмежаваную калекцыю, пазнаёмілася Наталля Кузьміцкая. 4 вязальшчыцы, адзін наладчык і 80 аўтаматаў. За змену на гэтым участку вытворчасці разумныя машыны вырабляюць каля сотні жаночых, мужчынскіх і 200 дзіцячых пар шкарпэтак розных памераў, колераў і дызайну. Апошнім часам выбару менавіта гэтага элементу гардэробу пачалі ўдзяляць большую ўвагу, асабліва мужчыны.

Неўзабаве ў продаж паступіць партыя з усім вядомай сімволікай. Імянныя, з літарай Д для фанатаў і выхаванцаў футбольнага клуба "Дынама-Мінск" шкарпэткі - частка сумеснай спартыўнай калекцыі. Яе распрацоўшчык Андрэй Чымбар зараз сканчвае дызайн футболак і шортаў.

Штогод гэтае прадпрыемства выпускае каля 150 ліній адзення. Дзякуючы актыўнаму пошуку новых ідэй і партнёраў у кожнай калекцыі - свой непаўторны, адметны стыль.

Убачыць, ацаніць і набыць футболкі з прынтамі пераможцаў конкурсу можна будзе ў ліпені ва ўсіх магазінах, у якіх маецца прадукцыя прадпрыемства. На 110 фірменных гандлёвых пляцоўках, у тым ліку ў Расіі, Казахстане, а хутка і ў Балгарыі і краінах Прыбалтыкі.

Дзякуючы маркетынгавай палітыцы, якую сёння праводзяць вытворцы адзення, беларускія сукенкі, спадніцы, касцюмы і іншыя прадметы гардэробу ахвотна купляюць за мяжой. Набыць якасны тавар можна і ў анлайн-гіпермаркетах – папулярных сёння сярод інтэрнэт-шопераў.