Прадпрыемствы, якія робяць эканоміку. Унікальная тэхналогія Нежынскага камбіната

3 июля 2018

Адзін з слупоў незалежнасці дзяржавы і дабрабыту грамадзян - моцная эканоміка. Наша краіна здолела захаваць важныя галіны прамысловай вытворчасці. Машына- і станкабудаванне, нафтахімія, тэкстыльная прамысловасць. Шматлікія прадпрыемствы - флагманы - у прадстаўленні не маюць патрэбы.

Напрыклад, Беларускі аўтамабільны завод, Аршанскі льнокамбінат, "Нафтан", а таксама Беларускі металургічны завод, Беларуськалій. Да іх назваў нярэдка дадаюць: "найбуйнейшы ў Еўропе", "адзіны ў СНД" або "вядомы на ўсіх кантынентах".

А хутка спіс прадпрыемстваў, якія робяць эканоміку краіны, папоўніць і Нежынскі горна-абагачальны камбінат. Плануецца, што тут будуць вырабляць 2 мільёны тон угнаенняў за год.

З'явіцца і больш як 2 тысячы новых працоўных месцаў. Калійны камбінат стане цэнтрам прыцягнення людзей на доўгія гады.

Ужо на стадыі будаўніцтва Нежынскі горна-абагачальны камбінат стаў брэндам Любанскага раёна. Такой маштабнай будоўлі тут не ўзгадаюць. Да 2020-га года за маёй спінай з'явіцца вялікі прамысловы комплекс, які складаецца з рудні, абагачальнай фабрыкі, уласнай электрастанцыі, і падпяразаны газаправодам, чыгункай і сучаснай аўтастрадай.

У верасні 2015-га Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і старшыня савета дырэктараў кампаніі "Слаўкалій" Міхаіл Гуцэрыеў заклалі капсулу ў адзначэнне пачатку будаўніцтва горна-абагачальнага камбіната.

Сёння комплекс займае тэрыторыю, па пляцы параўнальную з 330 футбольнымі палямі сталічнага стадыёна "Дынама". А пад зямлёй - на глыбіні амаль у 700 метраў - паклады калійных соляў, якіх, па падліках спецыялістаў, хопіць на паўстагоддзя працы комплексу.

Зараз ідзе будаўніцтва першага шахтнага ствала. Але перш прыйшлося - і гэта не метафара - замарозіць грунтавыя воды. Пад зямлю запусцілі хладагент, які панізіў тэмпературу зямлю да мінус 35 па Цэльсіі.

Шахтныя ствалы - іх будзе два: для спуску ў рудню персаналу і для транспартоўкі пароды на паверхню да глыбіні ў 50 метраў капаюць з дапамогай міні-экскаватараў. А самую складаную працу - свідраванне на некалькі сотняў метраў уніз - аддадуць вялізнай машыне. З грувасткіх металаканструкцый збяруць апоры для стрыжня, якому трэба будзе свідраваць грунт. Такі метад будаўніцтва шахт у Еўропе ўжываюць упершыню. Звычайна пароду ўзрываюць, а гэта заўсёды спалучана з рызыкай. Тут яна зведзеная да мінімуму.

Нежынскі горна-абагачальны камбінат будзе самым сучасным і эфектыўным комплексам у сваёй галіне. Тэхналогіі, якія ўжываюцца тут, дазволяць здабываць з руды да 99,5% карысных кампанентаў. Прадпрыемства стане другім у Беларусі па здабычы хлоркалія, а Любань, як і Салігорск, атрымае ганарлівае званне горада калійшчыкаў.