Урад прапаноўвае ўвесці дадатковы механізм крэдытавання будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай

22 марта 2017

Урад Беларусі прапаноўвае ўвесці дадатковы механізм у сістэме крэдытавання будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай.

Сёння аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр падчас наведвання будпляцовак спартыўных аб'ектаў, якія будуць задзейнічаныя падчас правядзення Еўрапейскіх гульняў - 2019 у Мінску. Андрэй Кабякоў адзначыў, што сёлета прынята рашэнне аб будаўніцтве ў Беларусі 400 тысяч квадратных метраў жылля з дзяржпадтрымкай, аднак гэтая лічба будзе павялічаная мінімум на чвэрць. Ёсць прынцыповыя асаблівасці і ў крэдытна-фінансавых адносінах.

Андрэй Кабякоў, прэм'ер-міністр Беларусі: "Зараз прынята рашэнне і падпісана Саўмінам 20 сакавіка. Мы дадалі яшчэ 50 мільёнаў рублёў ільготных крэдытаў, якія атрымаюць тыя чаргавікі, што жывуць у нястачы. Гэта аб'екты на тэрыторыі ўсіх абласцей і горада Мінска. Мы прапануем яшчэ адзін механізм, які дазволіць крэдытаваць жыллё з дзяржпадтрымкай. Пры гэтым падтрымка ўжо будзе аказвацца не банкам, для таго каб яны памяншалі працэнты па крэдытах, а непасрэдна грамадзянам. Трошкі памяняецца схема. Для грамадзян гэта будзе не прынцыпова, але прынцыпова тое, што мы зможам залучыць у фінансаванне будаўніцтва жылля ўсю банкаўскую сістэму краіны, не толькі Беларусбанк, але і любы банк, у які прыйдзе грамадзянін і будзе там субсідавацца непасрэдна".

Што датычыцца працэсу падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў - 2019 у Мінску, то ён, паводле слоў прэм'ера, праходзіць нармальна, без дадатковай фінансавай нагрузкі. Кіраўніцтва краіны і сталіцы сёння азнаёмілася, на якой стадыі рэканструкцыя стадыёна "Дынама", а таксама будаўніцтва Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы і ціра ў мікрараёне Уручча.