Урад Беларусі ў найбліжэйшы год не чакае ад эканомікі бурнага росту

18 февраля 2014

Урад Беларусі ў найбліжэйшы год не чакае ад эканомікі бурнага росту і робіць стаўку на стабільнасць, фінансавую ўстойлівасць і паніжэнне закрэдытаванасці рэальнага сектара. Так, прырост ВУП у 2014 вызначаны сціплай лічбай 3%. Пры гэтым у краіну павінны вярнуцца тры мільярды долараў за ўжо пастаўленую, але яшчэ не аплачаную прадукцыю. Складскія запасы ў цэлым ужо пачалі зніжацца і складаюць крыху больш за 70% ад месячнай вытворчасці. План да канца года - не больш за 60%.


Дарэчы, склады найбуйнейшых прадпрыемстваў узяла пад кантроль Генпракуратура, акрамя таго, Камітэт дзяржбяспекі праверыць усе буйныя дамовы па пастаўцы абсталявання на мадэрнізацыю. Жорсткі падыход да выканаўцаў праграмы - гэта патрабаванне і даручэнне Кіраўніка дзяржавы.


Асобна правераць Міністэрства прамысловасці. Мала таго што ў большасці паказчыкаў: склады, запазычанасць, якасць мадэрнізацыі і экспарт - у міністэрства горшы вынік, дык яшчэ тармазіцца прыход у Беларусь буйнога інвестара - амерыканскага гіганта Джэнерал Мотарс.


Як падкрэслілі сёння ва ўрадзе, акрамя жорсткіх дысцыплінарных мер, ужо дзейнічаюць меры, якія стымулююць прыватны бізнес і эканоміку ў цэлым. Так, экспарцёрам панізілі тарыфы на газ і электраэнергію, стаўку падатку на прыбытак і працэнты па крэдытах. Акрамя таго, развіваецца ўнутраны лізінг тэхнікі, а дырэктарату ў выключных выпадках дазволена пастаўляць прадукцыю на экспарт з нулявой і нават адмоўнай рэнтабельнасцю для папаўнення абаротных сродкаў.