Правілы гульні на рынку ЕАЭС абмяркоўвалі ў Мінску

28 мая 2018

Правілы гульні на рынку ЕАЭС і абарону экспарцёраў ад незаконных абмежаванняў сёння абмяркоўвалі на грамадскай прыёмнай Еўразійскай эканамічнай камісіі ў Мінску. Пасяджэнне прайшло на базе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў форме адкрытага дыялогу. Галоўнае, як адзначылі ўдзельнікі, пераканаць бізнес, што зварот у ЕЭК - даступны і дзейсны механізм вырашэння спрэчных пытанняў. Сувязным звяном паміж беларускімі прадпрыемствамі і чыноўнікамі наднацыянальнага органа гатова стаць наша антыманапольнае ведамства. Таксама сёння важным пытаннем застаецца павышэнне інфармаванасці бізнесу аб прававой базе ЕАЭС.

Марат Кусаінаў, Міністр па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі ад Казахстана: "Грамадская прыёмная - гэта новы фармат узаемадзеяння бізнесу і камісіі. Мы правялі не толькі вялікую інфармацыйную і тлумачальную працу, але і правялі індывідуальныя кансультацыі прадпрымальнікаў па абароне іх правоў у выпадку антыканкурэнтных дзеянняў на трансгранічных рынках. Падтрымка і абарона добрасумленнага бізнесу - ключавая задача ЕЭК".

Уладзімір Улаховіч, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты: "Мы бачым, што мы ў пачатку шляху. Сёння ёсць пэўныя працэдуры, якія нават складаныя для бізнесу. Мы павінны дапамагчы на ўзроўні бізнес-асацыяцый, на ўзроўні нашага Міністэрства антыманапольнага рэгулявання. Але ёсць яшчэ вострая тэма - канкурэнтныя адносіны па лініі дзяржаўных органаў. Мы ж бачым, як прымаюцца рашэнні па беларускай прадукцыі. Гэта відавочна, назавем сваімі словамі, нядобрасумленная канкурэнцыя. Гэта вялікая і сур'ёзная тэма, якую і бізнес павінен ініцыяваць перад дзяржаўнымі органамі".

За паўтара года ў ЕЭК было пададзена 17 заяў, чвэрць з іх - ад беларускіх вытворцаў. Па 5 фактах ідуць расследаванні. У сярэднім вердыкт выносіцца на працягу года.