Пастаўкі беларускага малака Мінск і Масква абмяркуюць на пасяджэнні Саўміна Саюзнай дзяржавы

6 июня 2018

Сёння пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, наведваючы аграрны форум "Белагра". Рашэнне закрыць расійскія прылаўкі для беларускага малака прыняў Рассельгаснагляд. Яно ўступіла ў сілу сёння. Пад забарону трапіла ўся прадукцыя ў тары звыш 2 з паловай літраў. Прэтэнзіі да якасці Мінсельгасхарч назваў неабгрунтаванымі.

Міхаіл Русы, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Што каменціраваць рашэнне Рассельгаснагляда, працаваць трэба. Мы дамовіліся з новым кіраўніцтвам, з Аляксеем Гардзеевым мы 8 чэрвеня сустракаемся, а заўтра міністры адпрацоўваюць усе пытанні. Наладзім нармальную сістэму ўзаемадзеяння, як і было. Нейкія пытанні заўсёды будуць заставацца, але яны павінны здымацца, у нас ёсць для гэтага спецыяльныя службы. Думаю, вырашым праблемныя пытанні літаральна да канца тыдня".

Чакаецца, што пастаўкі беларускага малака Мінск і Масква абмяркуюць у Маскве на пасяджэнні Саўміна Саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, на парадку дня будзе і механізм прасочвання сельгаспрадукцыі. Пра гэта сёння на "Белагра" паведаміў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. Сістэма прадугледжвае абмен электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі. Яна забяспечыць празрысты працэс паставак і дазволіць адсачыць рух тавараў да прылаўкаў магазінаў. Першымі яе пачалі выкарыстоўваць тры брэсцкія прадпрыемствы.