Апошні дзень візіту дэлегацыі Шры-Ланкі ў Беларусь

27 августа 2013

Новыя праекты, перспектывы і сферы супрацоўніцтва. Працягваецца візіт ланкійскай дэлегацыі. Што ўбачылі, што ўразіла гасцей - даведалася Святлана Канапацкая.



Сёння - трэці дзень візіту ланкійскай дэлегацыі ў Беларусь. З раніцы госці прыбылі на плошчу Перамогі, каб ушанаваць памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Да падножжа манумента быў ускладзены вянок…


Палітычны складальнік візіту ланкійскай дэлегацыі сёння напоўніўся эканамічным і культурна-турыстычным зместам. Але пачыналася гутарка тут у Палаце прадстаўнікоў тэмай супрацоўніцтва заканадаўчых органаў. У гэтай сферы кантактаў у нашых дзяржаў не было.


Махінда Раджапакса не ўтойвае: парламенту ён надае асаблівае значэнне. Сваю палітычную кар'еру ён пачынаў менавіта з дэпутацкай працы, і, дарэчы, цяперашні парламент краіны ўзначальвае старэйшы брат прэзідэнта Чамал Раджапакса. Тое, што паміж парламентамі Беларусі і Шры-Ланкі дагэтуль не падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, толькі справа часу. Ва ўсякім разе зацікаўленасць пашыраць кантакты выказалі сёння абодва бакі.


Махінда Раджапакса, Прэзідэнт Рэспублікі Шры-Ланка:



У 1970 годзе я прыйшоў у палітыку як адзін з самых маладых дэпутатаў парламента, і ў мяне ўвесь гэты час сувязь з парламентам вельмі моцная. Мы заканадаўча замацавалі абавязак прэзідэнта наведваць парламент як мінімум 1 раз на 3 месяцы. У прыняцці важных для краіны рашэнняў парламент іграе значную ролю.



Махінда Раджапакса запрасіў кіраўніцтва парламента наведаць Шры-Ланку з візітам. А каб справа рухалася больш актыўна, прапанаваў стварыць у беларускім і ланкійскім парламентах групы сяброўства. Лідар Шры-Ланкі ўпэўнены, што зблізіць людзей і краіны дапаможа таксама культура.


Вось так сёння адкрываўся турыстычны форум. Яго вынікам стала падпісанне двух мемарандумаў аб супрацоўніцтве.


Наступны пункт у праграме візіту - і вось ужо белы саронг прэзідэнта і яго бардовы шалік дапоўніла чырвоная каска. Мінскі аўтамабільны завод унёс сваю карэктыву ў касцюм прэзідэнта і, напэўна, разлічвае ўнесці дадаткі і ў планы па закупах тэхнікі.


Віталь Ганчарык, намеснік генеральнага дырэктара па знешнеэканамічных сувязях Мінскага аўтамабільнага завода: Рынак Шры-Ланкі гэта абсалютна для нас новы рынак, але па візіце кіраўніка дзяржавы Шры-Ланкі сюды назіраецца актыўны попыт прадукцыі беларускага прадпрыемства. У першую чаргу гэта зацікаўленасць у пастаўцы аўтобуснай тэхнікі . Паралельна другім перспектыўным кірункам з'яўляецца арганізацыя пастаўкі грузавой тэхнікі і ў будучыні арганізацыя сумеснай вытворчасці.


Больш за ўсё ланкійцаў зацікавілі гарадскія і турыстычныя аўтобусы і беларускія легкагрузы да 5 тон.


На Мінскім трактарным Махінда Раджапакса таксама вельмі ўважліва прыглядаўся да тэхнікі. А адну з мадэляў гатовы быў выпрабаваць у дзеянні ўжо як пакупнік


Для трактарнага рынак Шры-Ланкі не новы. У 70-ыя-80-ыя былі пастаўкі тэхнікі. Зараз размова не проста аб куплі-продажы, а аб прамысловай кааперацыі і стварэнні сумесных вытворчасцяў. Прынцыповая дамоўленасць у гэтым пытанні дасягнутая. Трактарабудаўнікі ўжо праз пару тыдняў плануюць адправіцца ў камандзіроўку і, пераадолеўшы 7 тысяч кіламетраў, вывучыць пытанне на месцы.


Уладзімір Валчок, генеральны дырэктар вытворчага аб'яднання Мінскі трактарны завод: На сённяшні дзень больш запатрабаванымі мадэлямі з'яўляюцца мадэлі трактароў для апрацоўкі рысу. Першым чынам, іх цікавяць трактары для малых рысавых палёў - так званых чэкаў для малых фермерскіх гаспадарак. Мы маем пэўныя прапановы для фермераў. Цяпер мы зможам удакладніць тэхнічныя патрабаванні і прапанаваць канкрэтныя мадэлі для нашых партнёраў.


Цікавасць ланкійцаў непадробная. Краіна, прайдучы этап унутраных канфліктаў, які доўжыўся больш за 30 гадоў, пачынае мірнае будаўніцтва. Тут і тэхніка патрэбная, і новыя тэхналогіі, і спецыялісты. І па ўсіх гэтых кірунках Беларусі ёсць што прапанаваць. З пакетам гэтых прапаноў, уласных ініцыятыў і ўражанняў ланкійская дэлегацыя сёння пакінула краіну, абяцаючы вярнуцца ўжо на этапе дзеянняў.