Пасяўная кампанія сёлета пройдзе раней за звычайныя тэрміны

1 Лютага 2020
Як сцвярджаюць спецыялісты, пасяўная кампанія сёлета пройдзе раней за звычайныя тэрміны. А таму аграрыям пастаўленая задача падрыхтаваць сельгастэхніку ўжо да пачатку сакавіка. Сёння актыўна праводзяцца рамонтныя работы, амаль 90% трактароў ужо гатовы выйсці на палеткі. Як пазбегнуць прастояў тэхнікі ў разгар яравога севу - у рэпартажы Юрыя Карняловіча.

На Мастоўскім рамонтным заводзе гарачая пара. Тут аднаўляюць сельгастэхніку з усёй Гродзенскай вобласці. Да пачатку пасяўной кампаніі засталося ўсяго некалькі тыдняў, а ў цэхах яшчэ больш за два дзясяткі трактароў і агрэгатаў.

Праўда, у тым, што заказчыкі атрымаюць тэхніку строга ў вызначаны тэрмін, тут не сумняваюцца. Магутнасці вытворчасці дазваляюць за месяц правесці капітальны рамонт каля сотні адзінак сельгасмашын, у тым ліку і энерганасычаных.

Паслугамі такіх заводаў у асноўным карыстаюцца сельгаспрадпрыемствы, якія маюць недастатковую матэрыяльную базу, каб правесці якасны рамонт самастойна. У гаспадарцы “Гудзевічы” такой праблемы не існуе. У мясцовай майстэрні створаныя ўсе ўмовы. Такарныя станкі, сучасныя інструменты і поўны спіс запасных частак на складзе. Аднак самае галоўнае - тут паклапаціліся пра камфорт механізатараў.

Праўда, у рамонтнай майстэрні сёння не шмат людзей. На планавым абслугоўванні ўсяго некалькі адзінак тэхнікі. Механізатар Аляксандр Труханоўскі свой трактар ужо давёў да ладу. Прызнаецца: прывык усё рабіць сваімі рукамі. За сем гадоў дасканала вывучыў агрэгаты, таму прафілактыку рухавіка ці трансмісіі можа зрабіць з заплюшчанымі вачыма. Затое ўпэўнены, што у самы адказны момант тэхніка не падвядзе.

Гатоўнасць тэхнікі да пасяўной кампаніі - звыш 90%. Гэта вынік прадуманай палітыкі інжынернай службы. Вясной кожная хвіліна будзе на ўліку, і прастой з-за паломкі тут проста не могуць дапусціць.

Падрыхтоўку да сяўбы ў гэтай гаспадарцы пачалі яшчэ з восені мінулага года. Для тэхнікі быў складзены спецыяльны графік рамонту, згодна з якім, кожны трактар прайшоў тэхнічнае абслугоўванне і ўжо сёння гатовы выйсці на палеткі.

Паводле слоў спецыялістаў, тэхніка краіны практычна гатова да пасяўной кампаніі. Тэхнічны стан трактароў ацанілі яшчэ ў лістападзе на стадыі пастаноўкі на захаванне. З заводамі-вытворцамі на ўзроўні ўрада дамовіліся аб бесперабойнай пастаўцы запасных частак. Больш за тое, у гаспадарках ёсць магчымасць праз інтэрнэт звязацца з дылерамі і ў рэжыме анлайн заказаць тую ці іншую дэталь.

На ліквідацыю непаладак у аграрыяў ёсць яшчэ месяц. За гэты час механізатары павінны завяршыць рамонт усіх пасяўных агрэгатаў. Бо, паводле прагнозаў спецыялістаў, сёлета тэхніка павінна выйсці на палеткі раней за звычайнае.