Пасяўная кампанія працягваецца ў Мінскай вобласці

28 апреля 2016

На сёння аграрыі цалкам завяршылі сяўбу ранніх збожжавых і зернебабовых. Разам з тым прадаўжаецца пасадка плодаагароднінных культур і кукурузы. Усяго пад пасевы ў сталічным рэгіёне адвялі 580 тысяч гектараў. Чаму дажджлівы і халодны красавік толькі спрыяе будучаму ўраджаю - раскажа Аляксандр Харавец.

Генадзь Янскі з майстэрствам уносіць угнаенні ў глебу. Дапамагае механізатару незаменная тэхніка – РАСА. Мужчына з усмешкай прызнаецца – круглы год яго корміць "абаранак".

Генадзь Янскі, механізатар ААТ «Радзіма Якуба Коласа»:

"На дадзены момант я працую на РАСЕ, уношу ўгнаенні ў зямлю. У маі саджуся на кормаўборачны камбайн, потым на зернеўборачны камбайн, потым на кукурузу, зімой на легкавое аўто. Вось у працэсе круглага года за рулём".

Крэйсерская хуткасць палявога карабля - 25 кіламетраў за гадзіну. За дзень РАСА ўзбагачае карыснымі дабаўкамі амаль 150 гектараў зямлі.

Кіраваць такой машынай нават прасцей, чым легкавым аўто. Навігацыйная сістэма дазваляе раўнамерна ўносіць угнаенні ў глебу. А таксама дапамагае механізатарам арыентавацца на палях.

Паралельна механізатары рыхтуюць глебу і пад сяўбу кукурузы. Толькі ў гэтай гаспадарцы жоўтым зернем плануюць засеяць звыш 600 гектараў. Аграрыі прызнаюцца, зараз лепшая пара для гэтай культуры. Зямля прагрэлася, вільгаці хапае. Стаўку сёлета робяць на зерневую групу, а таксама цукровыя буракі.

Сёлета ў цэнтральным рэгіёне другім хлебам плануюць засадзіць амаль 40 тысяч гектараў. Практыка паказвае, нават пры самых неспрыяльных умовах надвор'я ўраджай бульбы заўсёды радуе. Таму большую частку адпраўляюць на экспарт.

Цалкам завяршыць пасяўную кампанію аграрыі плануюць праз тыдзень. Пасля гэтага ў сярэдзіне мая пачнуць укос траў і нарыхтоўку кармоў на зіму.