Палова ўраджаю бульбы ў Мінскай вобласці ўбрана

18 сентября 2018

Што да ўраджаю бульбы ў Мінскай вобласці, то палова ўжо ўбрана з палёў. Частку клубняў гаспадаркі пакідаюць на насенне, частку - адпраўляюць на экспарт.

Захаваць бульбу да наступнага сезона дапамагаюць сучасныя бульбасховішчы. Пра іх перавагі - Наталля Кузьміцкая.

З першымі промнямі і да захаду сонца. Менавіта ў такім тэмпе ўжо другі тыдзень працуюць на палях механізатары гаспадаркі “Крутагор'е-Петкавічы”. У Івана Грышчанкова гэта ўжо пятая бульбяная ўборачная, таму ён добра ведае, што несвоечасовая апрацоўка клубняў і доўгае знаходжанне іх ў глебе могуць значна паўплываць на ўраджайнасць другога хлеба.

Нягледзячы на засушлівае лета, у гэтай гаспадарцы атрымалася вырасціць ураджай не горшы за леташні - 440 цэнтнераў з гектара. Адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці.

З палёў клубні трапляюць на лінію сарціроўкі, дзе іх ачышчаюць і размяркоўваюць у залежнасці ад памеру - на насенне, продаж ці перапрацоўку. Частка таварнай бульбы адразу ж ідзе ў гандлёвыя сеткі і на экспарт - у Расію, Сербію і Малдову.

Частка - у так званыя бульбасховішчы. За апошнія пяць гадоў у цэнтральным рэгіёне цалкам адмовіліся ад захавання клубняў у буртах.

Дарэчы, уборку бульбы ў вобласці павінны завяршыць да пачатку наступнага месяца.

Акрамя таго, у вобласці ідзе ўборка буракоў, кукурузы на сілас і нарыхтоўка кармоў. Сяўбу азімых аграрыі завершаць у тэрмін.