Пакупнік у віртуальнай рэальнасці зможа разгледзець навінкі нашага машынабудавання

23 февраля 2019

Папулярызаваць навінкі нашага машынабудавання дапамагаюць сучасныя IT-рашэнні. На буйных прадпрыемствах актыўна выкарыстоўваюць тэхналогіі дапоўненай і віртуальнай рэальнасці. Эканамічная выгада відавочная. Патэнцыяльны пакупнік, знаходзячыся за тысячы кіламетраў, можа самастойна ацаніць вартасці любой беларускай буйнагабарытнай тэхнікі. Пра рэальную карысць віртуальнай рэальнасці Яўген Калаур. 

Упершыню сур'ёзна пра віртуальную рэальнасць загаварылі яшчэ ў 50-ыя гады мінулага стагоддзя. Першае прымяненне тэхналогіі - індустрыя забаў, аднак з цягам часу лічбавы свет трапіў у ахову здароўя, мастацтва і моду. Сёння за папулярнасць віртуальных тэхналогій галасуюць рэальныя лічбы. 

У 2014 годзе армія карыстальнікаў віртуальнай рэальнасці складала паўмільёна чалавек, к 2019-му лічба ўпэўнена перасягнула адзнаку 150 мільёнаў. Гэта значыць за пяць гадоў колькасць карыстальнікаў вырасла ў 300 разоў! Прагноз экспертаў: грашовы аб'ём рынку лічбавай рэальнасці да 2022 года наблізіцца да адзнакі 26 мільярдаў долараў. 

Не магла застацца ўбаку і вытворчасць. Новая сусветная стратэгія індустрыі 4.0 прадугледжвае поўную аўтаматызацыю прадпрыемстваў, падключэнне станкоў да штучнага інтэлекту і Інтэрнэту. Гэта вымушаны ход для канкурэнцыі на сусветным рынку. 

Новая прамысловая эвалюцыя дыктуе свае правілы і ў сферы маркетынгу. У трэндзе візуалізацыя гатовай прадукцыі. Так можна ўсебакова паказаць тавар на міжнародных выставах. 

У актыве кампаніі "Філінг дыджытал" больш за 10 паспяховых праектаў. Сёння яе спецыялісты здольныя распрацаваць віртуальную ўпакоўку фактычна для любой вытворчасці. 

Эканамічная выгада ў простым. Прыклад БелАЗа. Сёння кампанія вырабляе самы масіўны самазвал у свеце. Даставіць шматтонную махіну на выставу даволі затратна. І тут дапаможа віртуальная рэальнасць. За тысячы кіламетраў патэнцыяльны пакупнік зможа апынуцца за рулём вялізнага грузавіка. 

Улічваюць сусветныя тэндэнцыі і на прадпрыемстве "Магілёўліфтмаш". За апошнія 19 гадоў аб'ём вытворчасці прадукцыі тут павялічыўся ў 5 разоў - з крыху больш чым 2 тысяч экзэмпляраў да амаль 15 тысяч. Геаграфія экспарту магілёўскіх ліфтаў - ад крайніх межаў Еўрасаюза да Далёкага Усходу. Аднак прадпрыемства зацікаўлена ў большых пастаўках. Так прыйшло рашэнне перавесці прадукцыю ў лічбавы фармат. 

Дзяніс Яцэнка, намеснік начальніка аддзела Магілёўскага завода ліфтавага машынабудавання: "Людзі задаволены тым, што не трэба прыязджаць за сотні ці тысячы кіламетраў. Яны могуць усё ўбачыць ужывую, зрабіць экскурсію па вытворчасці, па заводзе. Убачыць той прадукт, які яны хочуць набыць". 

Гэта зноў пра канкурэнцыю. Быць сярод першых, хто раскажа пра сябе з хуткасцю СМС. І няхай першае знаёмства будзе віртуальным, калі з яго дапамогай на міжнароднай выставе ўдасца прыгягнуць увагу наведвальнікаў да стэнда вашай кампаніі і займець новых кліентаў.