Падрыхтоўка да дэнамінацыі падышла да завяршальнай стадыі

31 мая 2016

За месяц да дэнамінацыі. З таго часу як у Беларусі аб'яўлена аб падрыхтоўцы да гэтага працэсу, у тэхнічным плане зроблена шмат. Абсталяванне практычна гатовае да работы ў новым фармаце цэн. Гэта датычыцца і фінансавых устаноў краіны, і гандлёвых аб'ектаў. Усе структуры плануюць зладжана спрацаваць у ноч на 1 ліпеня. З якімі праблемамі могуць сутыкнуцца беларусы ў першыя ліпеньскія дні і як іх пазбегнуць, раскажа Вераніка Бута.

Падрыхтоўка да дэнамінацыі падышла да завяршальнай стадыі. Практычна гатовыя да пераходу на новыя грошы і банкі краіны, і аб'екты грамадскага харчавання, і магазіны.

Нагадаем, з 1 ліпеня беларуская нацыянальная валюта страціць чатыры нулі, а таксама зменіцца літарны код. Гэта значыць, напрыклад, 50 тысяч цяперашніх рублёў будуць роўныя пяці новым. А 100 рублёў старога ўзору ператворацца ў адну капейку.

Да вечара 30 чэрвеня банкі пералічаць рэшткі на рахунках кліентаў. З 1 ліпеня вы ўбачыце ўжо дэнамінаваную суму. Калі на рахунку было, скажам, 495 тысяч рублёў, то пасля будзе значыцца 49 рублёў 50 капеек. Тое ж адбудзецца і са зберажэннямі.

Траціна банкаматаў рэспублікі выдаваць новыя банкноты пачне практычна з першых дзён пасля дэнамінацыі. Выключэнне - 500 рублёў (па цяперашніх грошах гэта 5 мільёнаў) адной купюрай вы атрымаеце толькі ў банку і толькі па папярэднім запыце. У першыя месяцы пасля дэнамінацыі, папярэджваюць эксперты, магчымы ўсплёск падробак.

Дэнамінацыя для магазінаў пачалася яшчэ ў красавіку. Новымі двайнымі цэннікамі пакупнікоў сёння ўжо не здзівіш. Мала што для іх зменіцца і з 1 ліпеня, бо першыя паўгода разлічвацца на касах можна будзе двума відамі купюр. Дарэчы, здачу вы можаце атрымаць таксама рознымі грошамі. Зараз актыўна рыхтуюць да работы з новымі цэнамі персанал гандлёвых аб'ектаў.

У першыя дні пасля дэнамінацыі могуць узнікнуць цяжкасці з разлікам па картцы. Звязана гэта з перапрашыўкай тэхнікі. Таму сярод рэкамендацый насельніцтву - мець пры сабе наяўныя грошы.

Без іх вы не абыдзецеся і ў кава-аўтаматах. З ліпеня там з'явяцца манетапрыёмнікі. Некаторыя нават змогуць выдаваць здачу. Што тычыцца купюр, то нязручнасцяў не прадбачыцца, тэхнічныя магчымасці дазваляюць аплачваць тавар двума відамі грошай. Пры гэтым з 1 ліпеня ўся інфармацыя на экране будзе адлюстроўвацца ў новых сумах.

Тэхніка прайшла выпрабаванне новымі грашыма.

Дапаможа прывыкнуць да новых грошай і ваш смартфон. Мінскія распрацоўшчыкі днямі прэзентавалі дадатак "Дэнамінацыя". Пакуль сэрвіс даступны для прылад на Android, але праца не спыняецца. Дадатак выкарыстоўвае тэхналогіі дапоўненай рэальнасці: калі навесці камеру тэлефона на старую купюру, сэрвіс пакажа банкноту новага ўзору.

Таксама даступны калькулятар, які перавядзе суму ў расійскія рублі, долары або еўра па курсе Нацбанка.

Цяперашнія банкноты будуць лічыцца несапраўднымі з 2022 года. Да гэтага часу абмяняць купюры старога ўзору на новыя можна ў любым банку або далей у нацыянальнага рэгулятара. А да 1 студзеня 2017 абедзве валюты будуць раўнацэннымі.