Падрыхтаваць змяненні ў Падатковы кодэкс і прадоўжыць лічбавізацыю сістэмы. У Палацы Незалежнасці абмеркавалі актуальныя пытанні падаткаабкладання

12 октября 2020

Удасканаленне Падатковага кодэкса і лічбавая трансфармацыя ўсёй сістэмы. Актуальныя пытанні падаткаабкладання сёння абмяркоўвалі ў Палацы Незалежнасці. Логіка патрабаванняў прэзідэнта ў гэтай сферы застаецца ранейшай - падаткаабкладанне павінна быць максімальна камфортным для людзей і бізнесу, пры гэтым гарантаваць рэалізацыю законных інтарэсаў дзяржавы. Лічбавізацыя гэтай сферы - адказ на запыт часу і эканомікі. І большасць ужо ацаніла электронны фармат кантактаў з падатковай. Як далей будзе развівацца сістэма, якіх навін чакаць? З падрабязнасцямі Наталля Брэвус.

Трэба сказаць, што міністр Налівайка не часціць з дакладамі ў прэзідэнта. Гэтым разам сустрэча праходзіць і ў прысутнасці фінансавага блока ўрада. Таму перш чым засяродзіцца на падатках, Аляксандр Лукашэнка гаворыць у цэлым аб падыходах у працы.

Падказваем, а не караем! Пад такім дэвізам працуюць сёння нашы супрацоўнікі падатковай службы. Амаль два гады як быў абноўлены кодэкс, у якім спрасцілі шэраг працэдур, у прыватнасці, для малога бізнесу. Там ёсць матывацыя для добрасумленных плацельшчыкаў, ёсць магчымасць выправіць памылкі, убачыць пратэрміноўку, а не адразу атрымаць штраф. Такі падыход сябе апраўдаў: больш за 97 % плацельшчыкаў у добраахвотным парадку выконваюць падатковыя абавязацельствы ў тэрмін. Зроблена нямала, каб падатковая сістэма была простай і зразумелай. Але жыццё не стаіць на месцы.

Абнаўленне Падатковага кодэкса прэзідэнт узяў на асабісты кантроль

Прапановы будуць максімум праз 8 месяцаў. Іх падрыхтуе спецыяльная рабочая група. Нічога радыкальнага, гэта будзе ўдасканаленне. Пакуль рана гаварыць, ці зменяцца падатковыя стаўкі або, можа быць, ад нейкіх плацяжоў адмовяцца. Але тое, што жыццё прадпрымальнікам яшчэ больш спросцяць, гэта дакладна. Чакаецца, што абноўлены кодэкс уступіць у сілу з 2022 года.

Лічбавізацыя падатковай сістэмы

Лічбавая трансфармацыя падатковай сістэмы - гэта адказ на запыт часу і эканомікі. Зручныя анлайн-сэрвісы, асабісты кабінет без лішніх паходаў у падатковую. Амаль усе суб'екты гаспадарання ацанілі такі электронны фармат кантактаў.

88 % суб'ектаў гаспадарання ўзаемадзейнічаюць з падатковай службай у электронным выглядзе

Стварэнне глабальнай лічбавай платформы

Лічбавізацыя падатковай сферы будзе ісці і далей за кошт стварэння адзінай сістэмы інтэлектуальнай апрацоўкі звестак, павелічэння колькасці электронных сэрвісаў. У выніку, напрыклад, можна не запаўняць дэкларацыю - гэта зробіць сістэма, трэба будзе проста праверыць і паставіць подпіс. І 20 тысяч фізасоб такой магчымасцю скарысталіся. Усё жыццё сыходзіць у "лічбу", падаткі таксама.

Адкрытыя для любога вопыту, але слепа капіраваць чужы не будзем, гаворыць міністр. Галоўная задача - наладзіць сістэму так, каб яна была зручная і прымальная ў нашай краіне. Але мінімум кантактаў падчас вірусных атак - гэта тое, што трэба.

Вось такое падатковае люстэрка эканомікі. Сёння ўжо не сысці з IT-шляху. Гэта дапамагае функцыянаваць дакладна. Менавіта такая праца падатковай сістэмы ў выніку зарука бесперабойнага фінансавага падмацавання сацыяльных праектаў.