Пад Брэстам адкрыўся сучасны транслагістычны цэнтр

12 февраля 2015

Галоўнага яго плюс у месцазнаходжанні. Тэрмінал знаходзіцца побач з дзяржмяжой. А з улікам таго, што кожны дзень з Еўрасаюза ў краіны ЕАЭС перавозяць тоны грузаў, транзітная роля нашай краіны значна ўзрасла. Акрамя таго, новы комплекс дазволіць імпарцёрам эканоміць час і грошы. Падрабязнасці даведалася Вікторыя Патоня.

Сучасная сэрвісная зона для грузаперавозчыкаў прапісалася побач з самым буйным у краіне пунктам пропуску. У гэтым яе перавага. Праз "Казловічы" з Еўропы ў краіны ЕАЭС штодня накіроўваецца каля дзвюх тысяч аўтацягнікоў у абодва напрамкі.

Транспартна-лагістычны цэнтр пабудаваны ў выйгрышным месцы - на стыку межаў з Захаду на Усход і ўздоўж асноўнай дарожнай артэрыі М1-Е30, па якой ездзіць большасць перавозчыкаў для дастаўкі грузаў. Сэрвісная зона шматфункцыянальная. Тут ёсць усё: ад складоў на 12 тысяч месцаў (у тым ліку для захоўвання тавараў пры пэўнай тэмпературы) да аўтамыйкі, кафэ, гасцініцы і нават станцыі тэхнічнага абслугоўвання.

Але галоўная функцыя комплексу - захоўванне грузаў і хуткая іх транспартоўка. Паводле афіцыйных звестак, штогадовы прырост грузапатоку праз Беларусь складае 10-15%. Роля транзітнага патэнцыялу нашай краіны асабліва ўзрасла ва ўмовах Еўразійскага эканамічнага саюза.

Сяргей Купрэеў, намеснік генеральнага дырэктара РУП "Белмытнясэрвіс": "Прыбалтыйскія краіны, тая ж Польшча для нас з'яўляюцца канкурэнтамі ў галіне лагістыкі, таму частку лагістычных аперацый, што праводзяцца ў гэтых краінах, мы павінны праводзіць у сябе ў краіне. Мы можам апрацоўваць грузы, якія паступаюць на транспартных сродках замежных дзяржаў, кансалідаваць тут і ажыццяўляць далейшую іх дастаўку ўжо транспартнымі сродкамі беларускіх перавозчыкаў альбо перавозчыкаў Расійскай Федэрацыі і Казахстана".

З тым, што сэрвісная зона пры мяжы - гэта выгадна, пагаджаюцца і імпарцёры. Усевалад Архіпаў прадстаўляе групу кампаній, якія дастаўляюць грузы ў Еўропу, ЗША, Кітай. Грузаперавозчыкаў цікавяць перш за ўсё ўмовы.

Усевалад Архіпаў, старшыня савета дырэктараў групы транспартных кампаній: "Нам было б вельмі цікава ўсе гэтыя грузапатокі накіраваць сюды, замест таго, каб кансалідаваць грузы як у Польшчы або ў Літве, а потым ужо таварнымі партыямі везці яго па прызначэнні ў Расію або Беларусь".

Новы грузавы тэрмінал і пункт пропуску "Казловічы" удзельнічаюць таксама ў адзіным у краіне эксперыменце па безтранзітным перамяшчэнні тавараў. Сутнасць у тым, што частка мытных аперацый ажыццяўляецца ў сэрвіснай зоне. Замежны перавозчык эканоміць час і грошы: яму не трэба атрымліваць дадатковыя дазволы для транспарціроўкі грузу за мяжой. Гэтая функцыя ўскладаецца на перавозчыкаў краін Мытнага саюза, якія ўжо маюць усе прэферэнцыі.

Уладзімір Арлоўскі, начальнік Брэсцкай мытні:"Мы распрацаваную тэхналогію ўжо выпрабавалі, яна паказала добры вынік. Калі ў сярэднім час праходжання транспартным сродкам на ўезд у Рэспубліку Беларусь праз пункт пропуску "Казловічы" складае 2,5-3 гадзіны, то пры правядзенні эксперыменту гэты час склаў 30-40 хвілін, максімум да адной гадзіны".

У такой схемы нямала плюсаў: час знаходжання перавозчыка на мяжы скарачаецца. І, як паказаў першы маніторынг эксперыменту, пункт пропуску здольны прыняць за суткі на 20% больш фур. У "Казловічах" новую тэхналогію плануюць выкарыстоўваць пастаянна.