Амаль палова драўніны ў Беларусі нарыхтоўваецца па фінскай тэхналогіі

24 декабря 2015

Нацыянальны рэсурс і багацце Беларусі - лес. Яго правільная нарыхтоўка ўключае не толькі эфектыўную высечку дрэў, але і, што куды больш важна, бяспеку самога працэсу. І тут на дапамогу чалавеку прыходзіць тэхніка. Амаль палова лесу ў нашай краіне, а гэта, паводле лічбаў мінулага года, каля шасці мільёнаў кубаметраў драўніны, нарыхтоўваецца па фінскай тэхналогіі. Падрабязней пра яе раскажа мая калега Улада Карніцкая.

Вось так усяго за паўгадзіны харвестар можа спілаваць мінімум пяць дрэў. Некалькі націскаў кнопак - і дрэва на зямлі. Фінская тэхналогія валкі лесу амаль цалкам выключае працу чалавека.

У сярэднім такі харвестар адно дрэва валіць за паўхвіліны. Ужо пасля зрэзу чысціць ствол ад галінак і сукоў, потым распілоўвае на часткі. Гэта для таго, каб драўніну было прасцей перавозіць. Абсалютна ўсе гэтыя маніпуляцыі аператар робіць з кабіны машыны.

Аляксандр Булыга аператарам харвестара працуе ўжо два гады. Гаворыць, недахопаў у такой тэхніцы амаль няма: машына сама вызначае даўжыню і шырыню дрэва, для таго каб правільна зрэзаць і апрацаваць. Аператар, па сутнасці, толькі дапамагае.

А запомніць усе кнопкі дапамогуць выкладчыкі ў цэнтры павышэння кваліфікацыі. Навучанне - максімум два месяцы. Сюды прыязджаюць з усёй краіны. Прычым усе будучыя аператары фарвардараў і харвестараў жывуць тут. Тут жа праходзяць медкамісію, калі трэба, праходзяць курс лячэння і ўжо потым - на заняткі.

Многія з тых, хто тут вучыцца, раней былі лесарубамі. Па сутнасці, усё рабілі ўручную: спілоўвалі дрэва, чысцілі і разразалі. Займала гэта куды больш часу.

Такая машына заменіць мінімум 20 чалавек з бензапілой. Кабіна яе зробленая з трывалага металу, шкло - супрацьударнае. Верагоднасць няшчасных выпадкаў амаль выключаная.

За гэты год толькі Лагойскі лясгас нарыхтаваў больш як 200 000 кубаметраў дрэва. Траціна - заслуга выключна тэхнікі. Дарэчы, у тандэме з харвестарам тут працуе яшчэ адна машына - фарвардар. Яго галоўная задача - сабраць і паскладаць усё, што насёк харвестар.

Сёння такія машыны ёсць амаль ва ўсіх лясных гаспадарках краіны (а іх у Беларусі каля сотні) - усяго паўтысячы адзінак тэхнікі. Але яшчэ чатыры гады таму і фарвардар і харвестар былі толькі ў некалькіх гаспадарках. Пераход на фінскую тэхналогію ў галоўным лясным ведамстве - планавы.

У планах сёлета нарыхтаваць 13 мільёнаў кубаметраў драўніны. А гэта на адзін мільён больш, чым у 2014. Гэтая лічба стала рэальнай у першую чаргу дзякуючы спецыяльнай тэхніцы.