Амаль 11 трыльёнаў рублёў накіраваныя на будаўніцтва і рэканструкцыю вытворчасцяў ў Магілёўскай вобласці

28 октября 2015

Амаль 11 трыльёнаў рублёў з пачатку года накіраваныя на будаўніцтва новых прадпрыемстваў і рэканструкцыю старых вытворчасцяў толькі ў Магілёўскай вобласці. Як вынік - у заводы, якія яшчэ нядаўна лічыліся стратнымі, атрымалася літаральна ўдыхнуць новае жыццё - павялічыць аб'ёмы прадукцыі і захаваць працоўныя месцы. А галоўнае - з'явілася магчымасць строіць планы на будучыню. Аб новых перспектывах старых вытворчасцяў Андрэй Ястрабаў.

Гэтае прадпрыемства ў пачатку 80-ых было вядомае далёка за межамі Беларусі. Быўшы ў складзе ленінградскага навукова-вытворчага аб'яднання "Вектар", тут, у Магілёве, паспяхова працавалі на так званую абаронку.

Што толькі не выраблялі ў тыя гады на заводзе. Ад абсталявання ваеннага прызначэння - радыёлакацыённых сістэм - да знакамітых магнітафонаў "Беларусь". Праз гады дзякуючы мадэрнізацыі атрымалася не толькі захаваць калектыў, але і заняць сваю нішу на рынку.

Ад старых цэхаў, якія яшчэ памятаюць дым тысячы паяльнікаў, амаль нічога не засталося. Набылі сучаснае абсталяванне. І вось ужо платы для магілёўскіх ліфтаў збіраюць робаты. Як вынік - павялічыліся аб'ёмы вытворчасці, з канвеера сыходзіць да сотні дэталяў за суткі.

Амаль 11 мільярдаў рублёў прынясе заводу і новы кантракт. Тэндар на выраб і пастаўку 10 тысяч святлодыёдных энергазахавальных фар і ліхтароў для кар'ерных самазвалаў выйграны. Выпрабаванні прайшлі ў суровых умовах поўначы.

Прыбытак, які стала атрымліваць прадпрыемства, накіравалі, у тым ліку, і ў распрацоўку новай прадукцыі. Балазе, захавалі сваё канструктарскае бюро. І сёння беларускія прадпрыемствы ўсё часцей сталі адмаўляцца ад імпарту, аддаючы перавагу таварам айчыннай распрацоўкі і вытворчасці.

Зрабіўшы стаўку на мадэрнізацыю, у Магілёўскай вобласці на гэтыя мэты ўжо накіравалі больш як 11 трыльёнаў рублёў. Спецыялісты падлічылі: эканоміка асобна ўзятага рэгіёна становіцца больш упэўненай. Гэта менавіта тое, што патрабуюць сёння ад прадпрыемстваў.