Па спажыванні бульбы на душу насельніцтва Беларусь займае першае месца сярод краін постсавецкай прасторы

5 сентября 2018

Па спажыванні бульбы на душу насельніцтва Беларусь займае першае месца сярод краін постсавецкай прасторы. 171 кілаграм штогод. Што да бахчавых культур і гародніны, то тут мы на пятай пазіцыі. Акрамя таго, сталі менш закупліваць бульбы і гародніны за мяжой. Напрыклад, імпарт другога хлеба скараціўся на 56 %. Усю прадукцыю беларускіх палёў можна будзе набыць на традыцыйных сельгаскірмашах. Сезон стартуе 22 верасня. Дарэчы, сёлетнія тэмпы ўборкі бульбы ўжо апярэджваюць леташнія. Паралельна аграрыі рыхтуюць і насенны фонд на будучы год.

Як ва ўнікальных для Гомельскай вобласці лабараторыях і гадавальніках адбіраюць ідэальныя сарты беларускай бульбы, даведвалася Ганна Кавалёва. Тамара Сідарэнка галоўнай беларускай агародніне прысвяціла 30 гадоў. Па гэтай культуры нават кандыдацкую абараніла. Усе гэтыя гады працавала на Гомельскай абласной сельскагаспадарчай станцыі. Тут уся біяхімія бульбы як на далоні. У лабараторыях прагназуюць будучыя ўраджаі, магчымыя захворванні гародніны і ўмеюць загадзя прадухіліць усе рызыкі.

Дарэчы, на стварэнне новага сорту трэба дзясятак гадоў. Зараз пад назіраннем станцыі 8 сартоў. Два з іх - навічкі. Калі апраўдаюць чаканні навукоўцаў, пойдуць у масавае вырошчванне і продаж, як, напрыклад, сорт "брыз". Гэта суперэліта, хіт беларускіх палёў. Таварны від, засухаўстойлівасць і ўраджайнасць - усе паказчыкі на вышыні.

У полі з 8 раніцы і да 7 вечара. З ураджайнасцю 370 цэнтнераў з гектара бункеры напаўняюцца за 20 хвілін. Дарэчы, гэты паказчык вышэйшы за агульнарэспубліканскі. На адгрузцы 3 машыны. Маршрут - да сартавання і сховішча. За дзень засекі станцыі папаўняюцца на 80 тон. Зараз яны запоўнены больш чым напалову.

Некалькі гадоў таму на станцыі ўзвялі новае сховішча для гародніны. Магутнасць - 2 тысячы тон. Сэнсарныя датчыкі тэмпературы, кантроль вільготнасці, асвятленне - ёсць усе ўмовы, каб захаваць насенны фонд.

Заяўкі на яго закупку паступаюць ужо сёння. Прычым спажыўцы не толькі беларускія гаспадаркі і прыватныя фермеры. Гэты груз хутка накіруюць за мяжу. Топавыя беларускія сарты даўно спадабаліся ў Расіі і Казахстане. Асвойваюць і новыя рынкі. Так, найбліжэйшым часам пройдуць перамовы з Узбекістанам.