Пляцоўка ў Акадэміі навук стала выставай распрацовак Інстытута машынабудавання

21 сентября 2017

Сёлета цэнтр адзначае 60 гадоў. Яго дасягненні і будучыню абмеркавалі на міжнародным форуме "Інавацыі ў машынабудаванні". Падрабязнасці ў Наталлі Тарасюк.

Удзельнікаў міжнароднай канферэнцыі "Інавацыі ў машынабудаванні" (а гэта каля 400 навукоўцаў) у Акадэміі навук сустракаў макетны узор беларускага электрамабіля. У гэтай машыне спецыялісты ўвасобілі самыя апошнія тэхналогіі электрычнага прывада. Наступная задача - павялічыць ёмістасць батарэі і нават арганізаваць уласную вытворчасць.

На выхадзе тэхналогія павінна быць таннай і даступнай, падкрэслівае кіраўнік Інстытута машынабудавання Сяргей Паддубка. Сёлета цэнтр, дарэчы, адзначае 60 гадоў з дня заснавання. У наступныя дзесяцігоддзі яго спецыялісты будуць працаваць над беспілотнымі тэхналогіямі. На парадку дня і больш прыземленыя рашэнні. Доследны ўзор малагабарытнай камунальнай машыны будзе гатовы да канца года.

Сяргей Паддубка, гендырэктар Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі: "Машына кампактная, паўнапрывадная, манеўраная, якая выконвае масу функцый. У яе ёсць функцыя "пыласос", яна прыбірае смецце, а не раскідвае. Функцыя паліву вадой. Зімой гэта функцыя прыбірання снегу і размеркавання салявых сумесяў".

Будучыню інтэлектуальнага транспарту навукоўцы абмяркуюць з расійскімі калегамі. Бо размова аб электронных кампанентах і сістэмах кіравання рухавіком ідзе ў саюзнай праграме "Аўтаэлектроніка".

Ад стварэння да ўтылізацыі. Урэгуляваць увесь жыццёвы цыкл электракараў - задача новага кластара "Інтэлектуальны электратранспарт". У яго ўвойдуць каля 10 ведамстваў. Спецыялісты зоймуцца і падрыхтоўкай прэферэнцый для ўладальнікаў такіх машын.