Пленарнае пасяджэнне V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе сёння ў Магілёве

12 октября 2018

На гэтым тыдні ўся ўвага прыкаваная да Магілёва. Тут праходзіць V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Першыя подпісы ў кантрактах ужо стаяць. Вырашыліся і некаторыя з найболей вострых пытанняў. Да прыкладу, учора Беларусь і Расія падпісалі гандлёвыя балансы на наступны год. Вялікая інтэграцыйная размова працягнецца сёння. У Магілёве ў гэтыя дні працуе некалькі здымачных груп Агенцтва тэленавін.

На прамой сувязі са студыяй Вераніка Бута.

Сённяшні дзень будзе не меней насычаным перамовамі за ўчорашні. На палях форуму праходзіць такая колькасць пасяджэнняў у вузкім і шырокім складах, што журналісты проста фізічна не паспяваюць асвятліць іх усе. Але, бясспрэчна, усе яны неўзабаве збяруцца тут, у Палацы культуры вобласці, дзе адбудзецца пленарнае пасяджэнне. Гэта галоўнае мерапрыемства інтэграцыйнага тыдня. І адразу скажу, месцаў на ўсіх не хопіць. Паводле інсайдарскай інфармацыі, некаторыя прадстаўнікі з беларускага боку не змогуць патрапіць на гэтую сустрэчу, усё таму, што Форум рэгіёнаў выклікаў такі ажыятаж з боку расійскіх партнёраў, што іх у Магілёў прыехала значна больш, чым першапачаткова было запланавана. А беларусы - гасцінныя.

У працы на гэтай пляцоўцы прымуць удзел парламентарыі, міністры, дырэктары прадпрыемстваў, грамадскія арганізацыі, губернатары абедзвюх краін і нават прэзідэнты. Да вялікай рэгіянальнай размовы плануюць далучыцца кіраўнікі нашых дзяржаў, але перад гэтым, зыходзячы з папярэдняй праграмы, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правядуць двухбаковую сустрэчу.

Пленарнае пасяджэнне - гэта лагічны працяг учорашняй размовы ў пяці секцыях і на пасяджэнні міжпарламенцкай камісіі. Пасля абмеркавання гэтыя вынікі будуць адлюстраваныя ў рэзалюцыі, а скарбонка кантрактаў папоўніцца новымі пагадненнямі. Дыялог рэгіёнаў на практыцы ўжо даказаў паспяховасць гэтага праекта - такім меркаваннем з намі ўчора падзяліўся адзін з яго пастаянных удзельнікаў, губернатар Валагодскай вобласці.

У гэтыя хвіліны, пакуль на гэтай пляцоўцы завяршаюцца апошнія падрыхтоўкі, на іншай пляцоўцы - у будынку Магілёўскага ЗАГСа - праходзіць пасяджэнне савета дзелавога супрацоўніцтва.

Журналісты шмат разоў жартавалі на гэтую тэму, маўляў, гэта лепшае месца, каб узаконіць папярэднія дамоўленасці. Але калі гаварыць сур'ёзна, то праца па падрыхтоўцы да форуму, сапраўды, зробленая вялізная. Аж ад арганізацыйных пытанняў, падрыхтоўкі самога горада і распрацоўкі партфеля кантрактаў. Нагадаем, размова пра паўмільярда долараў - гэта рэкордная лічба.