Піваварную галіну Беларусі чакаюць перамены

30 сентября 2015

Сёння ў Іванаве ўрачыста запушчаны новы цэх па вытворчасці спецыяльных соладаў. Праект распрацаваны з улікам продажаў за мяжу і накіраваны на асваенне новых відаў прадукцыі, якія будуць шырока запатрабаваныя як унутры краіны, так і на знешнім рынку. Падрабязнасці ў рэпартажы Вікторыі Патоні.

Гэта прадпрыемства - найбуйнейшы вытворца ячменнага соладу не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Усходняй Еўропе. Вытворчая магутнасць - 130 тысяч тон прадукту за год. Тут працуюць толькі з айчыннай сыравінай, але ячмень - лепшых еўрапейскіх сартоў. Каб атрымаць піваварны солад добрай якасці, збожжа захоўваюць у спецыяльных элеватарах. Чысцяць, мыюць, замочваюць, прарошчваюць не менш за 5 сутак. І толькі потым сушаць. Доўгі час на заводзе атрымлівалі толькі светлы солад, што абмяжоўвала асартымент. Сёння ў Іванаве пачаў працаваць новы цэх па вытворчасці карамельнага і пражанага соладу. Такога абсталявання на постсавецкай прасторы няма.

Абсмажваецца солад у гэтым спецыяльным барабане пры тэмпературы 150 градусаў. За суткі тут можна атрымаць 12 тон прадукту рознай ступені каляровасці. А гэта адкрывае новыя магчымасці для піваварных заводаў, што дазволіць ім вырабляць больш сартоў піва.

Інвестпраект па імпартазамяшчэнні з'явіўся ў 2014 годзе. Кансультантамі выступілі вопытныя чэшскія півавары. Сёння спецыялісты пераконваюць: новы прадукт ужо знайшоў сваіх пакупнікоў.

Сяргей Гарбацэвіч, дырэктар прадпрыемства па вырабе соладаў: "Ёсць ужо кампаніі, гатовыя выкупіць аб'ём нават паўгадавы. План пашырэння гэтага цэха, пастаноўкі яшчэ аднаго абсмажвальнага барабана для таго, каб ісці наперад і зарабляць больш грошай".

Новае абсталяванне дазволіць прадпрыемству стаць больш канкурэнтаздольным на знешнім і ўнутраным рынках. Тым больш што піва з беларускага соладу зараз мае да паўтысячы адценняў.

Аляксандр Забела, старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам": "Вырашэнне гэтага пытання дазволіць забяспечыць 100% беларускага рынку ўсім соладам у асартыменце. Мы сур'ёзна скароцім сёння паступленні імпартнага соладу. Краіна будзе штогод эканоміць мільёны долараў валюты на гэтым, а нашы аграрыі на гэтым будуць зарабляць".

Сёння больш за палову прадукцыі завода экспартуецца. Асноўны спажывец - Расія. Ідуць тэставыя пастаўкі ячменнага соладу ў В'етнам, Лаос, вядуцца перамовы з Кітаем, Бразіліяй, Камбоджай. Спецыялісты падлічылі, інвестпраект па вырабе каляровых соладаў акупіцца ўжо праз пяць гадоў.