Peugeot і Citroen будуць збіраць у Беларусі

7 октября 2014
У Парыжы падпісалі ліцэнзійнае пагадненне аб стварэнні сумеснай зборачнай вытворчасці. Гэтымі днямі ў Францыі знаходзіцца беларуская дэлегацыя на чале з віцэ-прэм'ерам краіны Пятром Пракаповічам. Падчас візіту прадстаўнікі беларускай дэлегацыі пабывалі ў аўтасалоне Peugeot і Citroen, дзе ацанілі якасць французскіх аўтамабіляў. Вытворчасць у Мінскім раёне плануюць запусціць ужо сёлета ў лістападзе. У 2015-м запланавана выпусціць ад 2 да 2,5 тысячы машын. У цэлым на беларускім прадпрыемстве будуць збіраць чатыры мадэлі Peugeot і дзве мадэлі Citroen. Таксама падчас візіту падпісалі пагадненне наконт стварэння беларуска-французскай гандлёва-эканамічнай камісіі. Яе мэта - новыя сумесныя праекты ў розных сферах: ад інвестыцый да стварэння сумесных вытворчасцяў.

Фрэдэрык Тэсье, намеснік дырэктара міжнароднага супрацоўніцтва канцэрна Peugeot-Citroen: Міжнароднае развіццё сеткі Peugeot-Citroen вельмі важнае. Таму індустрыяльны праект разам з нашымі беларускімі партнёрамі - гэта выдатная магчымасць развіваць нашы продажы ў Беларусі, значна палепшыць імідж нашай маркі і павялічыць прысутнасць французскіх аўтамабіляў на перспектыўным рынку вашай прыгожай краіны.


Беларуска-французская гандлёва-эканамічная камісія будзе садзейнічаць развіццю патэнцыялу дзвюх краін і росту ўзаемнага тавараабароту. Таксама сёння адбудзецца адкрыццё выставы беларускіх мастакоў - арт-праекта Zabor. Рэпрадукцыі іх работ вывесяць ля мэрыі 16-й акругі Парыжа.