На тыдні ўрад адобрыў праекты асноўных эканамічных дакументаў на наступны год. У лічбах прагноз выглядае так: прадукцыйнасць працы - плюс 3%, экспарт вырасце на 6. Плануецца прыцягнуць каля паўтара мільярда долараў інвестыцый. Сярэднегадавая інфляцыя чакаецца ніжэйшай за сем з паловай працэнтаў. Стаўка рэфінансавання - не больш за 10. Даходы беларусаў павялічацца больш чым на 3%. А валавы ўнутраны прадукт амаль на тры з паловай.
Лічбы і дакументы абмяркоўвалі на прэзідыуме Саўміна дзве з паловай гадзіны. І асноўная частка гутаркі праходзіла без прэсы. Наш карэспандэнт Святлана Лук’янюк ужо пасля ва ўсіх падрабязнасцях распытала ў першага намесніка міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога, які і прадстаўляў дакументы ва ўрадзе.
Такіх тэмпаў росту ВУП (3,4%) у нас не было з 2010 года. Ды і па выніках гэтага года плануем выйсці толькі на 1,7%. Таму першае пытанне відавочнае – за кошт чаго ўдвая хутчэй зможам стартануць у 2018-м?
Па-ранейшаму свой бюджэт мы фарміруем з аглядкай на курс расійскага рубля - галоўны гандлёвы партнёр яго вызначыў у дыяпазоне 60-62 за долар. І глядзім, вядома, на сусветную цану за бараль нафты.
Пры відавочных плюсах закранаем і мінусы. Дзе тое самае слабае звяно ў прагнозе, збой якога можа прывесці да перакройвання ўсіх фінансаў? Мінэканомікі запэўнівае: буйных сектаральных рызык не бачыць. Пастараліся абысціся без завышаных лічбаў і залішняга аптымізму. Не плануем пазычаць і новых грошай.
Больш сур'ёзна, гаворыць Дзмітрый Крутой, падышлі і да інвестыцыйнай праграмы. Бо сёлета па капітале звонку не дабіраем. А мадэрнізацыя дзеючых і адкрыццё новых вытворчасцяў па-ранейшаму на парадку дня.
Стаўку ж у наступным годзе робяць на малы бізнес. Чакаем практычных крокаў па лібералізацыі. Гэта адзін з варыянтаў, куды накіраваць лішкі сродкаў, а не проста скупліваць валюту.
У наступным годзе плануюць пабудаваць не менш чым тры з паловай мільёны квадратаў жылля. Шэсць банкаў гатовыя ўдзельнічаць у адрасным субсідзіраванні. Станоўча паўплываюць на тэмпы і нашы абяцаныя даходы. Плюс 3,2%.
Але рост зарплат, як запэўніваюць чыноўнікі, толькі ў цеснай звязцы з павышэннем прадукцыйнасці працы. Гэта асноўны фронт работ для кіраўнікоў прадпрыемстваў пры зацвярджэнні бізнес-планаў.













