Першы танкер з азербайджанскай нафтай для Беларусі сёння зайшоў у адэскі порт "Паўднёвы"

12 марта 2020
Прыёмам сыравіны, а далей і яе дастаўкай на тэрыторыю нашай краіны займаецца "Укртранснафта". Нагадаем, з гэтай кампаніяй у нас дамова да канца года.
Загрузілі судна сыравінай у турэцкім порце Джэйхан у мінулую пятніцу - 6 сакавіка. Танкер прайшоў праліў Басфор і зайшоў у Чорнае мора. Сёння ж у другой палове дня прыбыў на марскі нафтавы тэрмінал "Піўдзённы" ў порце "Паўднёвы" - гэта за 30 кіламетраў ад Адэсы. У найбліжэйшы час нафту гатовыя прыняць беларускія НПЗ.
Адзначым, танкер, які пабудавалі 10 гадоў таму, зараз ходзіць пад флагам Маршалавых Астравоў і прызначаны выключна для перавозкі сырой нафты. Для Беларусі ён даставіў першую партыю ў 90 тысяч тон. Гэта вялікае па памерах судна: у шырыню 44 метры, а ў даўжыню і зусім ідэнтычнае Таўэрскаму мосту - 244. Захадзіў ва ўкраінскі порт з хуткасцю 23 км/г.
Дададзім, гэта не адзіная пастаўка азербайджанскай сыравіны для нас, да канца месяца чакаем яшчэ два танкеры. Падрабязнасці - у Веранікі Буты. 

У дарозе без малога тыдзень: сёння гатовыя да разгрузкі

Гэтыя кадры зробленыя некалькі гадзін таму. Першы танкер з азербайджанскай нафтай для Беларусі прыбывае ў порт "Паўднёвы". У дарозе без малога тыдзень - сёння гатовыя да разгрузкі. 
Шлях Адэса - Броды спынілі выкарыстоўваць яшчэ ў 2014-м. Але закансерваваны нафтаправод не быў. Аператыўна ўкраінскія партнёры зноў увялі яго ў строй - не сумняваюцца ў перспектывах праекта. 
Здзелку з азербайджанскай кампаніяй SOCAR Белнафтахім заключыў менш за месяц таму. Але на нафтавым рынку ў нас ужо прыстойная гісторыя супрацоўніцтва. Па сыравіну мы звярталіся ў 2011-м і ў 2016-м. Азербайджанскі бок купляе нашы нафтапрадукты. 

Аляксандр Цішчанка, прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім": "Азербайджанскія партнёры заўсёды пацвярджалі і паказвалі сваю надзейнасць, таму працаваць з імі можна, цікава і выгадна. Мы працуем са шматлікімі зараз кампаніямі. Перспектывы вывучаюцца і магчымасці доўгатэрміновых паставак".

Азербайджан - стратэгічны партнёр у пастаўках нафты

SOCAR - для нас партнёр стратэгічны. Па-першае, Азербайджан - адна з лідзіруючых нафтаздабываючых краін у свеце, удзельнік партнёрскай праграмы АПЕК+. Па-другое, гэта не толькі пастаўшчык сыравіны. Кампанія валодае сеткай заправак, у прыватнасці, ва Украіне і Швейцарыі. Гэта таксама для нас можа быць выгадна. 

Беларусь разлічвае купіць у Азербайджана 1 млн. тон нафты ў 2020 годзе

Пакуль гэта першы танкер, але не адзіны. У сакавіку чакаюць яшчэ дзве пастаўкі. Разам агульны аб'ём у гэтым месяцы па поўдні - 250 тысяч тон. 
У планах - у 2020 г. атрымаць з Азербайджана да 1 млн. т сыравіны. У спісе пастаўшчыкоў "нафты без прэміі" таксама шэсць расійскіх кампаній! 

Аляксандр Цішчанка, прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім": "На гэты месяц у нас ёсць мільён тон нафты. Працы хопіць і заводам, і для таго, каб забяспечыць унутраны рынак палівам. Таму ніякіх крызісных або праблемных пытанняў на сённяшні дзень не ўзнікае".

Кошт нафты падае, а таму зноў можна вярнуцца да коштавага пытання. І мы адкрытыя да прапаноў. Сярод патэнцыяльных партнёраў - амерыканцы, нарвежцы, саюзны Казахстан, краіны Персідскага заліва. У любым выпадку альтэрнатыўныя крыніцы беларускім НПЗ сёння проста неабходныя. Справа - у цане і лагістыцы. Дыялог працягваецца.

Азербайджанская нафта для Мазыра. Першая партыя паступіць на НПЗ на наступным тыдні

Для "Нафтана" першы танкер з нафтай (але расійскай ад трэйдараў) нядаўна сустракалі ў порце Клайпеды. Яшчэ раней прымалі нарвежскую сыравіну. Зараз шлях ужо па чыгунцы. Белнафтахім не выключае рэверсных паставак сыравіны да канца года праз Польшчу. Альтэрнатыўныя пастаўкі становяцца рэгулярнымі. 
Нашы НПЗ здольныя перапрацаваць 24 млн. т сыравіны (гэта вялікія аб'ёмы), і без альтэрнатыўных паставак нафты сёння нельга гаварыць аб энергетычнай бяспецы краіны. А таму мінімум па адным танкеры на кожны завод за месяц Беларусь гатовая закупляць. Перамовы з партнёрамі працягваюцца.