Гэта новы транспартны калідор з Азіі ў Еўропу, частка "Эканамічнага пояса Вялікага шаўковага шляху". У вагонах - будаўнічыя матэрыялы для Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Аб магчымасцях, якія прыбылі разам з першым саставам, раскажа Вераніка Бута.
9,5 тысячы кіламетраў ззаду. Стартаваў састаў з кітайскай правінцыі Хэбэй. Праз 16 дзён з усімі ўшанаваннямі сустракалі яго ўжо ў Мінску.
У 41-м кантэйнеры груз на тысячу тон. Гэта будаўнічыя матэрыялы для Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, а менавіта для ўзвядзення выставачнага і бізнэс-цэнтраў найбуйнейшага рэзідэнта "Вялікага каменя".
Ху Чжэн, генеральны прадстаўнік прадстаўніцтва "Чайна Мерчантс Груп" у раёнах Цэнтральнай Азіі і Балтыі: "Цягнік ехаў 16 дзён праз Кітай, Казахстан, Расію і Беларусь. Гэта трансгранічная дастаўка на вялікія адлегласці. Калі па моры, то спатрэбілася б мінімум 25 сутак. Скарачэнне часу дастаўкі забяспечыць эфектыўнасць будаўніцтва. Упэўнены, што па меры развіцця індустрыяльнага парка ўсё больш грузаў будуць дастаўляць менавіта чыгункай".
Прыбыццё цягніка абазначае адкрыццё першага грузавога чыгуначнага маршруту паміж рэгіёнам Пекін - Цяньцзінь - Хэбэй і Еўропай. Яшчэ адзін крок на шляху да стварэння Вялікага шаўковага шляху. Зараз важна збалансаваць грузапаток - зраўнаваць экспарт і імпарт.
Аляксандр Ярашэнка, намеснік міністра эканомікі Беларусі, часовы кіраўнік ДУ "Адміністрацыя Кітайска-беларускага парка "Індустрыяльны парк "Вялікі камень":
"Гэта якраз тое, што дазволіць зрабіць прадукцыю канкурэнтаздольнай, і сам гэты Шаўковы шлях з'яўляецца адным з асноўных транспартных калідораў пастаўкі прадукцыі паміж Еўропай і Кітаем, Азіяй".
Дарэчы, некалькі беларускіх кампаній ужо выказалі жаданне супрацоўнічаць з рэзідэнтам парка. Сёння свае намеры яны падмацавалі пагадненнем. Сярод іх шклозавод "Нёман" і Аршанскі льнокамбінат.
Аляксандр Ярашэнка, намеснік міністра эканомікі Беларусі, часовы кіраўнік ДУ "Адміністрацыя Кітайска-беларускага парка "Індустрыяльны парк "Вялікі камень":
"Гэта вялізны рынак збыту ў КНР. Мы чакаем, што якраз падпісаннем такіх дакументаў нашы кампаніі будуць мець магчымасць перспектыўнага рынку збыту сваёй прадукцыі".
Склад, выставачны і бізнес-цэнтры ў гандлёва-індустрыяльным парку запрацуюць у наступным годзе. На будаўніцтва першай чаргі кітайскай кампаніі неабходна 9 тысяч тон металаканструкцый. У Беларусі закупяць больш за палову, у Кітаі - 3,5 тысячы. Дастаўляць груз плануюць па чыгунцы.
Яўген Усянкоў, генеральны дырэктар ДП "БТЛЦ-Транспартна-лагістычная кампанія":
"Асноўнае пытанне - гэта, вядома, патанненне спадарожных паслуг. Чым хутчэй цягнік даходзіць да станцыі прызначэння, тым танней. Усё залежыць ад правільна выбранай лагістыкі. Гэта першы вопыт. Ёсць над чым працаваць па скарачэнні тэрмінаў дастаўкі грузаў".
Таварная станцыя Калядзічы, куды прыбыў першы грузавы цягнік з Кітая, - асноўны тэрмінал Беларускай чыгункі. Штогод ён можа прымаць больш за 100 тысяч кантэйнераў. Маршрут дастаўкі кітайскага грузу распрацоўвалі сумесна з расійскімі калегамі.
Па новым маршруце плануецца кожны тыдзень адпраўляць адзін-два саставы. З Кітая ў Еўропу праз Беларусь па чыгунцы будуць перавозіць камплектуючыя, аўтазапчасткі, лекавую сыравіну і электроніку.













