Першы беларускі электрамабіль прэзентавалі сёння ў нашай краіне

22 августа 2017

На экалагічнай машыне праехалі віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка і старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. З нуля аўто будучыні атрымалася сабраць менш чым за год. Яго магутнасць - 80 конскіх сіл. Зараджаецца машына ад 4 да 6 гадзін. Гэтага хапае на паездку 150 кіламетраў. Разганяецца электрамабіль пакуль да ста кіламетраў за гадзіну. Гэтая распрацоўка для выпрабаванняў. Пасля іх пачнецца стварэнне паўнавартаснага доследнага ўзору.

Уладзімір Сямашка, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "У электрамабілях ідзе так званая рэкуперацыя энергіі, калі тармажэнне ідзе за кошт самога рухавіка. Ідзе назапашванне энергіі. Або, напрыклад, калі едзеш пад ухіл, дык, тармозіш таксама. Тут не трэба тармазіць. Тармажэнне ідзе за кошт назапашвання энергіі, гэта дазваляе ад 20 да 30 % эканоміць энергію".

На палігоне прадставілі і электравеласіпед. Ён можа самастойна ехаць, як толькі набірае неабходную хуткасць. Сёння кола-матор можна было ўбачыць у знакамітым "Бусле", але ўжо праз месяц яно стане і часткай электраскутара.