Першы беларускі электробус з правым рулём адправіўся ў Вялікабрытанію

17 сентября 2019

Нашы электробусы - а іх таксама паказалі на форуме - паспяхова заваёўваюць экспартныя гарызонты. Так, першы беларускі электробус з правым рулём сёння адправіўся ў Вялікабрытанію.

А вось з чаго пачыналася яго гісторыя? Давайце паглядзім разам. Першы тралейбус у Мінску з'явіўся роўна 67 гадоў таму. Мадэль МТБ-82 Б. Іх выпускалі ў Саратаўскай вобласці Расіі. Праз 10 гадоў у сталіцы было ўжо шэсць тралейбусных ліній і 100 машын. 

А вось першы тралейбус пад брэндам Белкамунмаш сышоў з канвеера ў 94-м годзе. Ёсць у гісторыі холдынга і гібрыдны аўтобус на базе тралейбуса 4-га пакалення. І вось абодва гэтыя віды гарадскога грамадскага транспарту сышліся разам. 

Электробус - паняцце і з'ява ўжо нашых дзён. Упершыню яны з'явіліся ў Мінску ў маі 2017. Тады чатыры машыны "Вітаўт Макс Электра" курсіравалі паміж вуліцамі Сярова і Даўгабродскай. Былі ўсталяваныя тры зарадныя станцыі. Далей - больш! 

Да II Еўрапейскіх гульняў сталіца закупіла 60 электробусаў. І сёння больш за 80 такіх машын ездзяць дарогамі мегаполіса.

А яшчэ нашы электробусы працуюць у Азербайджане, хутка даедуць і да Грузіі. Напярэдадні ў Батумі падпісалі кантракт на пастаўку васьмі адзінак экатранспарту.

Ну, а зараз наш электробус заваюе і Туманны Альбіён. Сёння ён адправіўся ў брытанскі Нотынгем. Адзначым, інавацыйны транспарт зараджаецца ўсяго за восем хвілін. Адной зарадкі яму хапае на 20 кіламетраў.

Электробус для Вялікабрытаніі спачатку пройдзе тэставую абкатку, пасля прапішацца на адным з рэгулярных маршрутаў горада. У машыне прасторная кабіна вадзіцеля. Ёсць і адмысловая брытанская фішка - спецыяльная пляцоўка для хатніх гадаванцаў. 

Сяргей Чыстоў, намеснік галоўнага канструктара ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Белкамунмаш": "Вялікабрытанія падтрымлівае канцэпцыю вызвалення гарадоў ад рухавікоў унутранага згарання, у іх планы да 2040 года прыбраць іх з гарадскіх вуліц. І якраз на гэтай хвалі мы знаходзім сваё рашэнне, знаходзім водгук у гарадах, мы праводзілі перамовы ў Манчэстэры і Нотынгеме".

Дарэчы, пачнецца брытанскі ваяж нашага электробуса з яшчэ аднаго горада Злучанага Каралеўства - Бірмінгема. Менавіта тут 2 і 3 кастрычніка яго прэзентуюць на буйной міжнароднай выставе аўтобусаў, камерцыйнага транспарту і лагістыкі. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя