Першы беларускі электробус прэзентавалі ў Мінску

11 мая 2016

Паралельна пачалося будаўніцтва прадпрыемства па вырабе суперкандэнсатараў для іх. Гэты назапашвальнік энергіі - альтэрнатыва акумулятарам. Завод стане новым рэзідэнтам Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Варта адзначыць, у Міністэрстве эканомікі бачаць вялікі патэнцыял у развіцці электратранспарту ў Беларусі. І гэта першы крок, які звязаны яшчэ з адным нацыянальным праектам - будаўніцтвам Беларускай АЭС. Бо менавіта выкарыстанне электратранспарту становіцца самым рацыянальным і разумным рашэннем на перспектыву. Працягне тэму Вераніка Бута.

Белкамунмаш зоймецца выпускам электробусаў сумесна з Кітаем. Першы грамадскі транспарт на акумулятарах з'явіцца на вуліцах сталіцы ўжо сёлета. У планах кампаніі задаволіць патрэбнасці нашай краіны і скласці канкурэнцыю на сусветным рынку.

Усяго год спатрэбіўся на тое, каб стварыць першы ў краіне тралейбус на суперкандэнсатарах. У маі 2015 падчас візіту ў Мінск Старшыні КНР Сі Цзіньпіна адным з падпісаных інвестыцыйных пагадненняў было абавязацельства пабудаваць завод сусветнага ўзроўню па вырабе абсталявання для транспартнай сістэмы. Новы (ужо восьмы) рэзідэнт у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку з'явіцца да канца года.

Аляксандр Ярашэнка, намміністра эканомікі, часовы кіраўнік індустрыяльнага парка "Вялікі камень": "Гэты праект вельмі паказальны тым, гэта тое, што мы жадаем бачыць у парку. Мы жадаем бачыць вытворчасць, інавацыі, перспектывы эканамічнага развіцця з пункта погляду пастаўкі гэтай прадукцыі і на экспарт, і рэалізацыі праектаў унутры рэспублікі".

Карпарацыя "Сіньджу" сумесна з беларусамі будзе выпускаць суперкандэнсатары для электробусаў. Назапашвальнікі энергіі для выпрабавальнай партыі пакуль закупілі ў Кітаі. Усё астатняе начынне і кузаў - айчынныя, як і тэхнічнае забеспячэнне.

Уладзімір Кароль, гендырэктар УП "Белкамунмаш": "Тут і тэхнічныя параметры кантралююцца, мы можам арганізаваць сэрвісную службу на адлегласці. У рэжыме анлайн мы можа адсачыць, як выконваюцца рэкамендацыі прадпрыемства. Усё разлічана на працяглы рэсурс - не меней за 10 гадоў".

Wi-Fi, зарадкі для мабільных прыстасаванняў і ноўтбукаў, месцы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Пастараліся прадугледзець максімум. Ад камфорту пасажыраў да камфорту будучых пакаленняў. Электробусы лічаць зялёным транспартам ХХI стагоддзя: ніякіх забруджванняў і шуму.

Аляксандр Ярашэнка, намміністра эканомікі, часовы кіраўнік індустрыяльнага парка "Вялікі камень": "Пекін, Шанхай. Гэтыя гарады затыхаюцца ад колькасці транспарту, які робіць шкодны выкід. Адзінае выйсце - выкарыстоўваць электрычны транспарт, які першым чынам экалагічна чысты".

Белкамунмаш ужо гатовы запусціць серыйную вытворчасць свайго электробуса. Першыя два будуць курсіраваць у сталіцы ўжо ў канцы года, а ў пачатку наступнага на дарогі выедуць яшчэ 18 машын.