Перспектывы ў сферы нафтаперапрацоўкі абмеркавалі ў Мазыры

24 мая 2017

Адзін з ключавых фактараў, які забяспечвае стабільны рост эканомікі краіны, - гэта эфектыўнасць працы нафтаперапрацоўчай галіны. Новыя магчымасці і перспектывы ў гэтай сферы сёння абмяркоўвалі ў Мазыры больш як 200 экспертаў з розных краін. Праекты па мадэрнізацыі айчынных НПЗ тэхнічна складаныя і выдатковыя. Але гэта дазволіць атрымліваць у выніку прадукцыю сусветнага ўзроўню, а таксама нарошчваць магутнасці. Для завяршэння мадэрнізацыі неабходна каля паўтара мільярда долараў. І адна з магчымасцяў фінансавання - гэта крэдыт Кітайскай Народнай Рэспублікі. Адна з дамоўленасцяў нядаўняга рабочага візіту Прэзідэнта ў Пекін. Аб дасягненнях і перспектывах галіны больш падрабязна - Вольга Халадовіч.

Гэта - самы маштабны праект у гісторыі МНПЗ - комплекс гідракрэкінга цяжкіх нафтавых астаткаў, па сутнасці, завод у заводзе. Адных металаканструкцый тут 6 тысяч тон, больш за тры тысячы - гэта чатыры рэактары. Гэта - першая і адзіная вытворчасць на постсавецкай прасторы. У свеце такіх - адзінкі.

Гэты комплекс на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе плануюць увесці ў эксплуатацыю ўжо ў 2019 годзе. Гэта дазволіць прадпрыемству павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90%. А яшчэ атрымліваць інавацыйны прадукт, які запатрабаваны на сусветным рынку.

Агульная сума інвестыцый - больш за мільярд 200 тысяч долараў. Магутнасць новай вытворчасці - 12 мільёнаў тон нафтапрадуктаў за год. Меркаваны тэрмін акупляльнасці праекта ад 5 - да 9 гадоў. Усё залежыць ад кан'юнктуры рынку і цэн на нафту.

Перадавыя тэхналогіі, якія ўкаранёныя на Мазырскім НПЗ, прывялі да таго, што ўсё паліва, якое тут выпускаюць - стандарта "Еўра-5". Па сваім тэхнічным абсталяванні прадпрыемства сёння канкурыруе з еўрапейскімі нафтаперапрацоўшчыкамі.

Для таго каб абмеркаваць стан нафтавай галіны краіны, у Мазыры сабраліся больш як 200 навукоўцаў, тэхнолагаў і кіраўнікоў профільных прадпрыемстваў і арганізацый з 14 краін свету. Перамовы, прапановы, рэкамендацыі для ўдзельнікаў форуму - гэта новыя магчымасці і новыя дзелавыя партнёры.

Адным з новых партнёраў беларускіх НПЗ можа стаць і Кітайская Народная Рэспубліка. Аб гэтым заявіў Старшыня КНР Сі Цзіньпін падчас візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Пекін. Кітайскі лідар даручыў кіраўнікам профільных ведамстваў прапрацаваць гэтае пытанне. Паводле ацэнак спецыялістаў, гаворка ідзе аб суме ў адзін мільярд долараў.

Вось яны - першыя літры чорнага золата з новай свідравіны. Паводле слоў Аляксандра Дзікана, разведка новага радовішча ў межах Усходне-Дабрагошчанскай плошчы пачалася год таму. Каб дастаць вуглевадарод, геолагам прыйшлося прасвідраваць амаль трохкіламетровы пласт парод. І асвоіць новую тэхналогію.

Паводле ацэнкі спецыялістаў, запасы новага радовішча могуць скласці парадку 800 тысяч тон. Пакуль тут праводзяць выпрабаванні. У найбліжэйшы час з зямных нетраў пачнуць здабываць чорнае золата ў прамысловых маштабах. Здабыча нафты - справа выдатковая, але значна таннейшая за імпартныя энергарэсурсы.

Усяго ў Беларусі - больш як 80 радовішчаў нафты. Толькі летась нафтавікі здабылі звыш як паўтара мільёнаў тон. Што прынесла дзяржаве каля паўмільярда долараў прыбытку. Паводле ацэнкі спецыялістаў, сёння беларускія вуглевадароды закрываюць звыш трэці ад штогадовага запатрабавання краіны.