Перспектыўныя сферы супрацоўніцтва з Прыморскім краем - ад АПК да прамысловасці

16 июля 2019

Беларусь гатова зрабіць свой уклад у развіццё Прыморскага краю. І ў цэлым – закрытых  тэм у супрацоўніцтве з расійскімі рэгіёнамі няма. Аб гэтым ішла размова  сёння на сустрэчы Прэзідэнта з губернатарам Прыморскага краю  Алегам Кажамякам.

Вялікая дэлегацыя гэтага рэгіёна знаходзіцца ў Мінску. Сам Кажамяка быў у нас неаднаразова, працуючы на чале Амурскай і Сахалінскай абласцей. Стаўшы губернатарам Прымор'я, ізноў прыехаў разам з прадстаўнікамі ўлады і бізнесу краю...  Пачалі сустрэчу з урачыстага моманту - за ўмацаванне дружбы  і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй губернатар удастоены высокай узнагароды - Аляксандр Лукашэнка ўручыў яму сёння ордэн Пашаны. Адзначыўшы асабісты  ўклад у развіццё дыялогу паміж краінамі. Узнагароджанне Алега Кажамякі прайшло ў прысутнасці сям'і - у зале побач з ім яго жонка  і дзеці. Дарэчы, карані ў расійскага губернатара - беларускія - бабуля родам з нашых месцаў. 

Што датычыцца  развіцця агульнай эканомікі з Прыморскім краем, то перспектыўныя сферы супрацоўніцтва - ад АПК да прамысловасці. Гэта зразумела і па праграме візіту дэлегацыі.  Там значацца агракамбінаты, машынабудаўнічыя прадпрыемствы.  

Прыморскі край - перспектыўны партнёр для Беларусі на Далёкім Усходзе. Мы можам значна нарасціць пастаўкі харчавання ў гэты рэгіён. Аграрыі гатовы далучыцца да праграмы развіцця сельскай гаспадаркі краю. Тым больш  ужо ёсць прыклады паспяховых праектаў будаўніцтва малочна-таварных комплексаў і аграгарадкоў на Сахаліне.

Беларускі вопыт, тэхналогіі і навуковыя распрацоўкі будуць дарэчы ў рэгіёне, багатым ляснымі рэсурсамі і карыснымі выкапнямі. Ідзе развіццё рэгіёна, мадэрнізацыя інфраструктуры. Запатрабаваная наша тэхніка. У планах сур'ёзна павялічыць пастаўкі БелАЗаў. Апроч кар'ернай тэхнікі Беларусь можа забяспечыць патрэбнасці рэгіёна ў дарожна-будаўнічых і лесанарыхтоўчых машынах. Плюс гарадскі электрычны транспарт. Гатовы не толькі гандляваць - нацэленыя і на стварэнне сумесных вытворчасцяў. 

Дамовіліся, што ўсе дэталі кантактаў абмяркуюць рабочыя групы рэгіёнаў. Па выніках цяперашняга візіту вызначацца з дарожнай картай супрацоўніцтва. Кіраўнікі расійскіх рэгіёнаў - частыя госці ў Беларусі. І час паказвае, што стаўка на развіццё рэгіянальных сувязяў - прадуктыўны і запатрабаваны фармат сумеснай працы.