Перспектыўныя экспартныя кірункі Гомсельмаша - Афрыканскі кантынент і Кітай

17 июня 2020
Сёння  віцэ-прэм'ер Беларусі Юрый Назараў з рабочым візітам наведаў Гомельскую вобласць.  Галоўная падстава - азнаёміцца з працай прамысловых гігантаў рэгіёна.  Першы пункт маршруту - Беларускі металургічны завод. Летась прадпрыемства выйшла на новыя рынкі збыту, паставіла ў 65 краін  больш за 2 мільёны тон металапрадукцыі, у тым ліку  інавацыйнай.  За 5 месяцаў гэтага года  БМЗ ужо выплавіў  мільён 77 тысяч тон сталі. Больш за 80 % адгружана на экспарт. Пры гэтым крызіс у сусветнай эканоміцы, звязаны з эпідэміялагічнай сітуацыяй, адчувальна адлюстроўваецца і на фінансавай устойлівасці беларускіх прадпрыемстваў. Некаторым  неабходна дзяржпадтрымка. Гэта пытанне і стала ключавым на сустрэчах віцэ-прэм'ера з кіраўнікамі БМЗ і Гомсельмаша.

Юрый Назараў, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Вось зараз трэба проста разруліць сітуацыю, як фінансава падставіць плячо прадпрыемству для таго, каб яны ў гэты няпросты час маглі далей больш-менш упэўнена сябе адчуваць. Таму зараз выпрацоўваем рашэнне. Бачыце, у нас тут і банкіры, шукаем рашэнне, як гэта аздараўленне правесці. Па Гомсельмашы сітуацыя крыху прасцейшая ў тым плане, што рашэнне ўжо прынята і ўзгоднена з Кіраўніком дзяржавы. Гэта будзе растэрміноўка, рэструктурызацыя запазычанасці".

Гомсельмаш - 140 % экспарту

Дзмітрый Муляр, намеснік дырэктара па рэалізацыі і развіцці - дырэктар цэнтра маркетынгу і рэкламы ААТ "Гомсельмаш": "Сёння мы маем больш за 140 % экспарту па выніках 5 месяцаў у параўнанні з мінулым годам. У нас да канца года партфель заказаў сфарміраваны. Ёсць стратэгія да 2030 года распрацаваная. Вызначаны спіс краін экспартных асноўных - топ-20".

Зараз перад прадпрыемствамі стаіць задача - адрэгуляваць сістэму паставак, скараціць лагістычныя выдаткі і прапрацаваць пытанне павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі. Перспектыўныя экспартныя кірункі - Афрыканскі кантынент і Кітай.