Пераход да зялёнай эканомікі – на практыцы

26 января 2016

Барысаўская папяровая фабрыка Дзяржзнака асвойвае вытворчасць офіснай паперы з другаснай сыравіны. Гэта адзін з этапаў міжнароднай праграмы пераходу Беларусі да зялёнай эканомікі. Пілотныя праекты – у тым ліку ў Налібоцкай пушчы і палацава-паркавым комплексе Радзівілаў – будуць рэалізаваны да 2017 года. А пакуль першыя барысаўскія партыі экапаперы ўжо з'явіліся ў адкрытым продажы.

Надзея Сербіненка пра пераход на вытворчасць эка. Зберагчы лясныя рэсурсы і перапрацаваць як мага больш макулатуры. Гэта новая задача для работнікаў Барысаўскай папяровай фабрыкі. Больш за сто гадоў тут выпускаюць высакаясную паперу з цэлюлозы, але літаральна некалькі месяцаў таму вектар фабрыкі змяніўся. Вытворчасць экапаперы з макулатуры – новы зялёны трэнд.

Для інавацыйнай перапрацоўкі макулатуры на фабрыцы ўсталявалі сучасны аўтаматычны комплекс – ён сартуе, ачышчае і здрабняе другасную сыравіну. Увесь цыкл займае ўсяго 30 хвілін. Падрыхтаваная маса адпраўляецца ў наступны цэх, дзе вільготны паўфабрыкат ператвараецца ў шчыльную экапаперу.

Пасля ўжо рулоны правяраюць на якасць: вільготнасць і шчыльнасць павінны адпавядаць эталонным характарыстыкам.

Паводле некаторых характарыстык, экапапера ўсё ж будзе саступаць аналагам з беленай цэлюлозы. Яе колер крыху шэраваты, навобмацак ліст не такі шчыльны. Тым не менш кардынальна гэта не ўплывае на якасць. Яшчэ адна перавага паперы з макулатуры – яна значна таннейшая.

У такіх рулонах папера з другаснай сыравіны трапляе сюды – у паліграфічны цэх. На звыклы фармат А4 яе наразае машына ў аўтаматычным рэжыме. У выніку атрымліваецца вось такі ліст – ён амаль нічым не адрозніваецца ад звыклай паперы з цэлюлозы.

Першыя вопытныя партыі экапаперы ўжо з'явіліся на паліцах буйных універмагаў. А ў сакавіку фабрыка цалкам выйдзе на праектную магутнасць: 50 тон гатовай прадукцыі за суткі і 4 з паловай тысячы тон за год. Згодна з разлікамі спецыялістаў, гэтага аб'ёму хопіць, каб цалкам задаволіць патрэбы краіны ў офіснай паперы.

Экалагічны праект барысаўскай фабрыкі – частка міжнароднай праграмы пераходу Беларусі да зялёнай эканомікі. Яе ініцыятарам стала арганізацыя пад эгідай ААН і Міністэрства прыродных рэсурсаў. Зялёная эканоміка прадугледжвае далейшае развіццё прыродаахоўнага заканадаўства. Развіццё арганічнай сельскай гаспадаркі, інавацыйная перапрацоўка адходаў, энергаэфектыўнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў і стварэнне зялёных працоўных месцаў. Усё гэта ў бліжэйшыя некалькі гадоў можа стаць не перспектывай, а рэальнымі праектамі.