Перамовы Беларусі і Расіі адбудуцца сёння ў Маскве

3 октября 2014

Сёння ў Маскве адбудуцца перамовы першага віцэ-прэм'ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі з намеснікам старшыні ўрада Расіі Аркадзем Дварковічам. Тэма абмеркавання - унясенне адпаведных змен у Пагадненне аб парадку залічэння пошлін у бюджэты дзвюх краін ад экспарту нафтапрадуктаў. Аб гэтым стала вядома напярэдадні падчас рабочай сустрэчы Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам прэм'ер-міністра Беларусі. Цэнтральнай тэмай стала праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступны год. Міхаіл Мясніковіч далажыў Кіраўніку дзяржавы аб падрыхтоўцы аднаго з цэнтральных дакументаў - законапраекта рэспубліканскага бюджэту на 15-ты год. Яго зараз фарміруюць парламентарыі. У гэтай сувязі занепакоенасць выклікае падатковы манеўр Расіі. У заканадаўстве будуць папраўкі, якія датычацца нафтавай галіны. Істотна змяняюцца мытныя пошліны на экспарт нафты і нафтапрадуктаў. У выніку беларускі бок можа не далічыцца больш за мільярд долараў.


Падрыхтоўку да саміту кіраўнікоў дзяржаў СНД, які адбудзецца 10 кастрычніка, Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў са старшынёй праўлення беларускага Банка развіцця, прадстаўніком ад Беларусі ў Савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргеем Румасам. Парадак дня пасяджэння сфарміраваны. Налічвае 13 пытанняў. Абмяркуюць і пазіцыю Арменіі. Уступленне рэспублікі ў Мытны саюз практычна ўзгоднена, і можна чакаць, што ўжо ў наступную пятніцу Арменія ўвойдзе ў яго склад.