Перагаворны дзень у Маскве. Прапампоўка чыстай нафты па "Дружбе" пакуль не пачатая

29 апреля 2019

Мінск і Масква  працягваюць перамовы па пытаннях паставак чыстай сыравіны па нафтаправодзе "Дружба". Сустрэча сёння праходзіць у расійскай сталіцы. Да ўрэгулявання сітуацыі далучыліся прадстаўнікі нафтавых кампаній-пастаўшчыкоў. Пакуль прапампоўка чыстай нафты ў нашу краіну не пачатая, нягледзячы на запэўненні расійскага ўрада. Ужо другі тыдзень бакі спадзяюцца прыйсці да кансенсусу. Між тым, Беларусь прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў, айчынныя НПЗ працуюць напаўсілы, шкода перавышае сотні мільёнаў долараў. Абвастрэнне "нафтавай" сітуацыі закранула і нашых паўднёвых і заходніх суседзяў: Польшча і Украіна абмежавалі прыём расійскай нафты, спынілі транспарціроўку  і іншыя еўрапейскія краіны. 

Марына Касцючэнка, прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім": "НПЗ Беларусі працуюць па-ранейшаму з паніжанай нагрузкай. У беларускім участку нафтаправода знаходзіцца нафта з павышаным узроўнем хлорарганікі, чыстая нафта не паступала. Спецыялістамі арганізацыі трубаправоднага транспарту "Гомельтранснафта" і "Полацктранснафта" прынятыя ўсе магчымыя меры, каб забяспечыць пастаўку чыстай нафты з пункта водпуску на тэрыторыі Расіі ва Унечы".

У "Белнафтахіме" адзначылі, што пытанне кампенсавання выдаткаў Беларусі з парадку дня  не знята. Аднак аб пэўных сумах шкоды  гаварыць пакуль рана: кожны дзень пратэрміноўкі абыходзіцца  для нашай краіны недаатрыманымі прыбыткамі - ад прыпынення экспарту і паніжэння загрузкі заводаў.