Парламенцкая дэлегацыя Тайланда знаходзіцца з візітам у Беларусі

27 июня 2016

Напярэдадні госці наведалі Віцебск, дзе сустрэліся з кіраўніцтвам горада і рэгіёна. Дэлегацыю ўзначальвае старшыня Нацыянальнага заканадаўчага сходу Каралеўства. Паводле яго меркавання, абмен візітамі парламентарыяў дзвюх краін паслужыць развіццю ўзаемадзеяння па шматлікіх кірунках.

Понпеч Вічытчолчай, старшыня Нацыянальнага заканадаўчага сходу Каралеўства Тайланд: "Мая галоўная мэта наведвання вашай краіны - гэта супрацоўніцтва Беларусі і Тайланда. Асабліва ў галіне палітыкі, эканомікі, капіталаўкладання і кантактаў паміж людзьмі. Трэба сказаць, што тайцы жадаюць даведацца больш пра Беларусь, пра Віцебск , і я думаю, што і беларусы жадаюць даведацца больш аб нашай краіне. Абмен візітамі - візіт дэлегацыі Палаты прадстаўнікоў у сакавіку гэтага года і мой візіт зараз у Беларусь будуць з'яўляцца стартам для наступнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі".

Пасля афіцыйных мерапрыемстваў госці з Тайланда ўсклалі кветкі да Вечнага агню ля манумента Перамогі ў Віцебску. Напярэдадні горад адзначыў гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай.

Сёння візіт парламенцкай дэлегацыі Тайланда прадоўжыцца - госці наведаюць Мінск. Запланаваны сустрэчы ва ўрадзе, парламенце, наведванне прадпрыемстваў, знаёмства з Нацыянальнай бібліятэкай і Музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.