Стасункі паміж Беларуссю і Кітаем умацоўваюцца

29 сентября 2018

Індустрыяльны парк "Вялікі камень", сумесная вытворчасць легкавых аўтамабіляў, буйныя інвестпраекты - знакавыя прыклады ўзаемадзеяння дзвюх краін. У перспектыве - супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы: жывёлагадоўля, а таксама вырошчванне і перапрацоўка льну. Менавіта такія дамоўленасці дасягнутыя падчас сустрэчы ў Магілёве кіраўніцтва кітайскай правінцыі Цзянсу з беларускімі вытворцамі. Падрабязнасці - у Андрэя Ястрабава.

Візіт дэлегацыі кітайскай правінцыі Цзянсу на магілёўскія прадпрыемствы - невыпадковы. Бо ў складзе групы - прадстаўнікі вядомых карпарацый, якія супрацоўнічаюць з беларускімі вытворцамі. Напрыклад, па пастаўках малочнай прадукцыі. Сёлета яна трапіла ў буйныя гандлёвыя сеткі Паднябеснай. Вынік - попыт павялічыўся ў 20 разоў.

Зацікаўленыя кітайскія гандлёвыя карпарацыі і ў беларускай ялавічыне. Сёлета рэалізаваныя першыя пастаўкі - у тым ліку і паўфабрыкатаў. Спецыялісты запэўніваюць: гэта толькі пачатак.

Амаль 80-мільённая па колькасці жыхароў правінцыя Цзянсу з мільярдамі долараў патэнцыяльных інвестыцый гатовая разгледзець любыя праекты. Напрыклад, у жывёлагадоўлі. Аб’яднаць попыт у гэтай галіне будзе карыснай справай - лічаць спецыялісты. І пачалі прыглядацца да пляцовак пад будучыя вытворчасці ў Магілёўскай вобласці.

Вынікам візіту ў Магілёўскую вобласць дэлегацыі правінцыі Цзянсу стала падпісанне дарожнай карты - праграмы перспектыўных сумесных праектаў, разлічанай да 2020 года. І адразу некалькіх інвестпраектаў па стварэнні сумеснай вытворчасці святлодыёдных стужак і фар для легкавых аўтамабіляў. А таксама па вырошчванні і перапрацоўцы льну.

Цуй Цымін, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Кітая ў Беларусі: "Беларуска-кітайскія адносіны зараз самыя моцныя за ўсю гісторыю. І такія грунтоўныя і выніковыя сустрэчы толькі ўмацоўваюць сяброўства, ствараюць цвёрдую аснову для гандлёва-эканамічных стасункаў. Кітай адкрыты для беларусаў і ў галіне турызму".

Праграма проматура з наведваннем Магілёўскай вобласці таксама падрыхтаваная. Падчас яго беларускія тураператары плануюць падпісаць пагадненне аб развіцці турызму. Гатэлі ўжо актыўна перакладаюць буклеты на кітайскую мову.

У Магілёве ўжо збіраюць сумесныя аўтакраны, па горадзе ездзяць кітайскія электробусы. Шматпавярховыя дамы будуюць за кошт кітайскіх інвестыцый. Сумеснага - шмат. Тым часам вядучыя магілёўскія прадпрыемствы запрошаныя прыняць удзел у першай кітайскай міжнароднай выставе імпарту. Яна пройдзе сёлета ў лістападзе ў Шанхаі. А значыць - трэба чакаць новыя сумесныя цікавыя праекты.