"Адкрытыя інавацыі". Беларусь лідар у лічбавай эканоміцы

22 октября 2019
Па экспарце софта на душу насельніцтва  Беларусь займае першыя пазіцыі сярод краін Усходняй Еўропы і СНД. Пра гэта сёння заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас у інавацыйным цэнтры "Сколкава" на міжнародным форуме "Адкрытыя інавацыі". Паспрыяў гэтаму Дэкрэт аб лічбавай эканоміцы, які ўступіў у сілу ў 2017 годзе. Зараз рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій  могуць весці бізнес і заключаць здзелкі ў Беларусі так, як гэта адбываецца ў лепшых юрысдыкцыях свету з падатковымі льготамі і без лішняй увагі наглядных органаў.

Сяргей Румас, Прэм'ер-міністр Беларусі: "Вынікі дзеяння гэтага дэкрэта не прымусілі сябе доўга чакаць. І экспарт, і агульная выручка Парка растуць на 30-40 % за год. Сёлета экспарт чакаецца ў памеры $2 млрд, што з'яўляецца немаленькай сумай для такой невялікай краіны як Беларусь. Па экспарце софта на душу насельніцтва Беларусь стала адным з лідараў Усходняй Еўропы і СНД".

Таксама сёння адбылася рабочая сустрэча Сяргея Румаса з Дзмітрыем Мядзведзевым. Прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі абмеркавалі пытанні двухбаковага супрацоўніцтва. Да лістапада Мінск і Масква павінны ўзгадніць усе інтэграцыйныя дарожныя карты, а гэта больш за 30 дакументаў, якія датычацца практычна ўсіх сфер жыццядзейнасці.