Адкрыццё новых рынкаў для беларускай прадукцыі будзе прыярытэтам эканамічнай дзейнасці айчынных кампаній у наступныя гады. Пра гэта заявілі ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце. Па выніках апошніх гадоў Беларусь пашырыла сваю таварную прысутнасць на рынках 30 дзяржаў. Дыверсіфікацыю паставак працягнуць. Больш актыўна наша краіна павінна быць прадстаўленая ў еўрапейскім рэгіёне. Гэты вектар для беларускай прадукцыі няпросты праз складанасці ў ліцэнзаванні тавараў і ўжыванні ахоўных механізмаў для еўрапейскіх вытворцаў. Але выхад на рынак ЕС матывуе беларускія кампаніі працаваць у адпаведнасці з вышэйшымі стандартамі якасці.
Уладзімір Улаховіч, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты: "Нашы партнёры ў еўрапейскіх краінах - можна сказаць, мы перажываем такі рэнесанс з іх боку, - вельмі актыўна пачалі супрацоўнічаць з нашай краінай. Паглядзіце, за мінулы год: нашы бізнес-форумы з французскімі прадпрыемствамі, з іспанскімі, з італьянскімі. І яны ў тым ліку зацікаўленыя ў прамысловай кааперацыі з Беларуссю. Таму што просты гандаль - гэта тое, што паступова будзе сыходзіць у мінулае. А перспектыва - гэта выпускаць якасную прадукцыю сумесна і прасоўваць на трэція рынкі".
Сёння Беларуская гандлёва-прамысловая палата - гэтая самая буйная дзелавая супольнасць краіны. Яна аб'ядноўвае больш за дзве тысячы кампаній і актыўна прэзентуе іх прамысловы патэнцыял замежным партнёрам. Найбліжэйшая прэзентацыя пройдзе ў Мінску ў панядзелак: у сталіцы адбудзецца буйны беларуска-польскі эканамічны форум "Добрасуседства". Плануецца, што яго наведае польскі віцэ-прэм'ер Матэвуш Маравецкі.













