Паездка ў Карэлічы паказала: рашэнне ў свой час захаваць льногаліну было складаным, але правільным, хаця і каштавала вялікіх намаганняў. Пакажам і дакажам гэта на прыкладзе прама зараз.
Найбуйнейшае ў Еўропе прадпрыемства, дзе валакно ператвараюць у тканіну, - Аршанскі льнокамбінат. Па сутнасці адна назва аб'ядноўвае некалькі фабрык. За гады працы на прадпрыемстве вырабілі столькі льняной тканіны, што ёю можна абкруціць Зямлю па экватары 87 разоў.
Але што цікава: не ў кожным метры лён з беларускіх палёў. Доўгае - самае якаснае льновалакно - часткова набываюць за мяжой.
Пры падрыхтоўцы рэпартажу для "Галоўнага эфіру" наш карэспандэнт Марына Раманоўская ўбачыла ўсе адценні льняной палітры, даведалася, дзе тонка і дзе рвецца.
Трыццаць дзевяць тэхналагічных аперацый на палях. Менавіта столькі, гавораць навукоўцы, звёнаў у ланцужку ад насення да валакна. І гэта толькі пачатак вялікага шляху паўночнага шоўку да пакупніка. Аршанскі льнокамбінат. Яго сучасны выгляд каштаваў дзяржаве немалых клопатаў. Даведаемся, чым сёння жыве прадпрыемства. Менавіта тэкстыльшчыкі бачаць адваротны бок паўночнага шоўку. За лёгкасцю льняной тканіны каласальная праца. У гэтых цэхах лён праходзіць праз дзясяткі б’юці-працэдур.
Фабрыка нумар два. Яна на камбінаце самая сучасная. Тут усталявана высокатэхналагічнае абсталяванне. Да мадэрнізацыі на пэўныя працэсы сыходзілі суткі. Зараз разумныя машыны спраўляюцца ў некалькі разоў хутчэй. Якімі былі цэхі і на якім абсталяванні даводзілася працаваць, можна ўбачыць і зараз. Фотагалерэя прама на вытворчасці. Бадай, лепш за любога экскурсавода, як было і як стала, раскажуць спецыялісты, якія за шмат гадоў прывыклі да шуму станкоў. Першае, што адзначаюць, - стала менш пылу і больш святла.
За год без малога 18 мільёнаў метраў тканіны. Але не ва ўсіх лён з беларускіх палёў. Напрыклад, зрабіць тканіну для такіх зграбных кашуль з беларускага даўгунцу, запэўніваюць тэкстыльшчыкі, проста нерэальна. Чаму? Адказ шукаем у цэхах камбіната. З ільняной тканіны, вытканай у Оршы, ствараюць калекцыі сусветна вядомыя брэнды. Апранаць з іголачкі вучацца і беларускія дызайнеры. На камбінаце ёсць свая швейная фабрыка. Але тут швейныя іголкі завостраныя ў асноўным пад дамашні тэкстыль. Касцюмы, ільняныя джынсы, сукенкі адшываюць спецыялізаваныя швейныя прадпрыемствы.
Геаграфія паставак Аршанскага льнокамбіната - больш за 40 краін. Але ці так проста знайсці паўночны шоўк на прылаўках нашых магазінаў? Правяраем асабіста.
На шопінг адпраўляемся ў буйны ўнівермаг Віцебска. Тут тры паверхі. Паглядзім, што прапаноўваюць знатакам натуральнай тканіны. На вітрыне падарункавыя наборы са стапрацэнтнага лёну, абрусы і сурвэткі з дабаўленнем бавоўны, вялікі выбар ручнікоў. Усе вытворцы беларускія. А вось купіць ільняны сарафан або штаны ў нас так і не выйшла.
Летнюю калекцыю, гавораць у магазіне, раскупілі. А восеньская, напэўна, яшчэ толькі ў дарозе да пакупніка. Так што спажыўцу, відаць, варта арыентавацца толькі на фірмовы гандаль.
А гэты шлях - ад поля да гандлёвай залы - тым часам пракладваюць сотні спецыялістаў: аграрыі, навукоўцы, ткачы, дызайнеры. Лён - залатое руно, прыбытковы бізнес. Умець вырошчваць - навука, як і прадаваць паўночны шоўк.













