Аманскія бізнесмены наведалі шэраг беларускіх прадпрыемстваў

19 сентября 2016

Група аманскіх бізнесменаў, чый капітал вымяраецца мільярдамі долараў, наведала шэраг беларускіх прадпрыемстваў. На "Амкадоры" для гасцей арганізавалі прэзентацыю магчымасцяў тэхнікі, якая прайшла пад апладысменты.

Мустафа Ахмед Салман, старшыня праўлення кампаніі (Аман): "Сапраўды, мы ўбачылі выдатныя, насамрэч уражальныя тэхналогіі. Радуе, што гэта тэхніка мае канкурэнтную цану ў параўнанні з іншымі еўрапейскімі брэндамі. Кошт такіх машын адыграе важную ролю ў росце паставак беларускай прадукцыі ў наш рэгіён, асабліва ў Аман. У вас добрая вытворчая база. Я спадзяюся, што мы знойдзем добрых партнёраў у Амане для беларускіх машынабудаўнікоў і такім чынам пачнём развіваць паспяховае супрацоўніцтва".

Сяргей Рачкоў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Егіпце, Амане, Алжыры і Судане па сумяшчальніцтве: "Аман зацікаўлены ў развіцці сваёй прамысловасці і сельскай гаспадаркі. І тут, як адзначаюць аманцы, у Беларусі значны вопыт, які падыходзіць для аманскага боку. Мы зараз працуем над шэрагам праектаў. У першую чаргу гэты праект звязаны з прасоўваннем тэхнікі МАЗ. Другі праект - стварэнне лагістычнага цэнтра пад маркай "Амкадор" - плануем пастаўляць у Аман не толькі тэхніку "Амкадор", але і МАЗ, БелАЗ, Гомсельмаш і інш. І трэці кірунак - гэта харчовы. Аман надае вялікую ўвагу сваёй харчовай бяспецы. Урадлівых зямель мала - ёсць патрэба ў харчаванні. Імпарт Амана складае 60 млрд долараў за год, г.з. для нас ёсць сегмент, які хочам заняць".

На "Амкадоры" адбылася і прадметная гутарка аб магчымых варыянтах супрацоўніцтва. У прыватнасці, абмяркоўвалася адкрыццё сумеснага беларуска-аманскага прадпрыемства, якое зоймецца пастаўкамі тэхнікі ў султанат.