Каля 100 новых узораў узбраенняў і тэхнікі прапануе Беларусь на выставе МILEX-2019

13 мая 2019

Тэхналагічнымі распрацоўкамі ў найбліжэйшыя дні абяцае здзівіць і ваенна-прамысловы комплекс Беларусі.  Наша краіна прадставіць каля 100  новых узораў узбраенняў і тэхнікі   на міжнароднай выставе МILEX-2019  у Мінску.  Адметнасцю   стануць модульныя сістэмы ўзбраення.  Усё больш IT-тэхналогій пранікае ў ваенную сферу.  Гэта дазваляе распрацоўваць "разумныя комплексы" для абароны і вядзення бою.  І, нягледзячы на тое, што выстава МILEX  стартуе ў сераду,  ажыятаж вакол форуму немалы.  Чакаецца рэкордная колькасць замежных дэлегацый. На сёння іх 59,   але гэты лік можа павялічыцца. Уладзімір Каралёў пабываў на рэпетыцыі адкрыцця  і даведаўся пра некаторыя навінкі. 

Афіцыйнае адкрыццё выставы МILEX  адбудзецца 15 мая на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу "Лінія Сталіна". Тут гасцям форуму будзе прадстаўлена маштабная рэканструкцыя, прысвечаная 75-годдзю вызвалення нашай краіны. 

Эпізод 44-га года на безыменнай  вышыні ярка паказвае тактыку вядзення бою ў той час. Перамога ў Вялікай Айчыннай звязана не толькі з доблесцю савецкага салдата, але і з карпатлівай працай канструктараў і збройнікаў. Амаль адразу пасля рэканструкцыі мінулага стагоддзя - паказальныя выступленні нашага часу. З прымяненнем  сучасных узораў ваеннай тэхнікі. Браніраваныя "Кайманы", мадэрнізаваныя БТРы, найноўшыя артылерыйскія сістэмы. 

Выстава МILEX сёлета прадстаўлена 170  арганізацыямі з 10 краін. Сербія, ПАР і Мінабароны Азербайджана ўпершыню пакажуць свае распрацоўкі ў Мінску. Рэкордны лік заявак ад дэлегацый - 59 - звязаны з вялікім лікам прадстаўленых экспанатаў. Толькі ад беларускага боку іх парадку 300. У Дзяржкамваенпраме  абяцаюць паказаць парадку сотні новых узораў узбраенняў і ваеннай тэхнікі. 

Раман Галоўчанка, старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі: "У чым адметнасць менавіта гэтай тэхнікі, на ёй  мы ўпершыню будзем прадстаўляць  не асобныя сістэмы ўзбраення, узоры тэхнікі. Мы будзем прадстаўляць  модульныя сістэмы. Апошнія гады мы выбудоўваем працу такім чынам, каб ствараць комплексныя сістэмы ўзбраення. Зараз будзе цэлы шэраг у сістэме СПА - выяўлення, кіравання, паражэння". 

У аснове нацыянальнай экспазіцыі - высокатэхналагічныя ўзоры ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, створаныя на аснове найноўшых інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналогій. IT  даўно захапілі ваенны сектар. Сярод праектаў, якім надаецца прыярытэтнае значэнне,  - сродкі агнявога паражэння, сістэмы комплекснага процідзеяння высокадакладнай зброі,  сродкі рухомасці, беспілотныя авіяцыйныя комплексы і баявыя геаінфармацыйныя сістэмы.

Раман Галоўчанка, старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі: "У 90-х мы ўсе глядзелі фільм "Тэрмінатар", калі ўпершыню быў паказаны правобраз сістэмы "Скайнет", які кіруе баявымі сродкамі. Зараз будзе беларускі Скайнет. Сістэма "Альянс". Калі камандзір падраздзялення бачыць усіх сваіх байцоў, бачыць фізічны іх стан. Датчыкі пульсу, ціску, паранены, не паранены. Запас боекамплекта, бачыць праціўніка". 

Такія ваенныя выставы - месца сустрэчы прадстаўнікоў замежных ваенных  дэлегацый, экспертаў, спецыялістаў у галіне  ўзбраення, распрацоўшчыкаў  і канструктараў. Шматлікія прыязджаюць паглядзець і купіць тавар або тэхналогію. Сярод новых гасцей  МILEX - афіцыйныя дэлегацыі Бахрэйна, Балгарыі, Замбіі, Зімбабвэ, Лаоса, Чэхіі і Эрытрэі. Што канкрэтна  глядзяць і купляюць - інфармацыя сакрэтная. Але ўжо вядома, што  мінулы раз на выставе  МILEX-2017  было заключана  кантрактаў на 100 млн. долараў. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя