Паляўнічы турызм займае асаблівае месца ў спектры паслуг Беларусі

20 сентября 2016

Пытанні і праблемы, звязаныя з гэтай сферай, знаходзяцца пад пастаянным кантролем не толькі практыкаў, але і навукоўцаў. Міжнародных спецыялістаў сабраў вялікі форум у турыстычным комплексе "Чырвоны бор". Год таму тут адкрылі навукова-практычны цэнтр. Сярод галоўных тэм - праблемы насельнікаў дзікіх лясоў, а таксама захаванне колькасці і генетычнай разнастайнасці паляўнічых відаў жывёлін. Вольга Маслоўская прадоўжыць тэму.

Інфармацыю з фотапастак заолаг Аляксандр Каштальян здымае раз на тыдзень. На флэшкарте - важныя кадры з жыцця дзікіх жывёлін. Звесткі назапашваюцца, сістэматызуюцца і становяцца часткай сур'ёзных навуковых даследаванняў. Ужо год у паляўнічай гаспадарцы "Чырвоны бор" дзейнічае адзіны ў краіне прыватны навукова-практычны цэнтр. Спецыялісты занятыя праблемай папаўнення папуляцыі паляўнічых відаў жывёлін.

Угоддзі "Чырвонага бора" займаюць 100 тысяч гектараў. Тут няма ажыўленых дарог, практычна адсутнічаюць населеныя пункты. Усё гэта спрыяе разнастайнасці дзікага свету. У непраходных лясах на мяжы Верхнядзвінскага і Расонскага раёнаў можна сустрэць нават зубра.

Распрацоўкай і ўкараненнем навуковых падыходаў у галіне паляўніцтвазнаўства ў "Чырвоным бары" займаюцца 6 спецыялістаў. А сучасная лабараторыя дазваляе праводзіць складаныя генетычныя даследаванні. Усяго за некалькі гадоў на тэрыторыі паляўнічых гаспадарак створаны новыя папуляцыі капытных жывёлін. Паўтара года таму ў дзікую прыроду выпусцілі некалькі дзясяткаў асобін высакароднага аленя.

Павел Гяштоўт, дырэктар НПЦ па паляўніцтвазнаўстве і кіраванні рэсурсамі дзікіх жывёлін: "Мы правялі вывучэнне генетыкі папуляцый аленя па Беларусі. Пачалі гэты маштабны праект. Ёсць вынікі, цікавыя вынікі. Прааналізавалі генетычную разнастайнасць нашай папуляцыі высакароднага аленя. Праект не камерцыйны, а чыста навуковы. Вопыт "Чырвонага бора" цікавы навукоўцам з розных краін свету. Тэарэтыкі і практыкі з Польшчы, Італіі, Францыі, Нарвегіі, Швецыі прыехалі сюды, каб разам абмеркаваць праблемы папуляцыі капытных у зменлівым свеце".

Сяргей Шастакоў, начальнік аддзела Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі: "Асноўным відам паляўнічых жывёлін у нас з'яўляюцца капытныя жывёліны. На іх у нас наладжана вядзенне паляўнічай гаспадаркі, на іх у нас наладжаны экалагічны турызм".

У нашу краіну па трафеі прыязджаюць паляўнічыя не толькі з краін блізкага замежжа. І ў спектры турыстычных паслуг Беларусі паляўнічы турызм займае асаблівае месца.