Адной з ключавых галін рэальнага сектара эканомікі Беларусі з'яўляецца лясная гаспадарка

14 января 2019

Перспектывы тут проста вялізарныя. Штогод у нашай краіне нарыхтоўваецца каля 20 мільёнаў кубаметраў драўніны. І зараз важна забяспечыць рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў, атрымаць максімальны прыбытак, а таксама не дапусціць незаконны вываз ляснога фонду. На рашэнне гэтых задач накіраваная новая інфармацыйная сістэма. Яна забяспечыць кантроль руху драўніны на ўсіх этапах   - ад дзялянкі да спажыўца. Праект ужо тэсціруюць у трох лясгасах. З прамежкавымі вынікамі - Анастасія Бенедзісюк.

Каля 40 % беларускіх земляў - лясы. Наша краіна ўваходзіць у дзясятку самых зялёных дзяржаў Еўропы. На кожнага беларуса прыходзіцца каля гектара лесу - паказчык вышэй за сярэднееўрапейскі ўдвая. І гэта не проста дар прыроды, гэта мэтанакіраваная і штодзённая праца - прымнажаць, нават высякаючы. І сачыць, каб ні адно дрэва не пакінула межы пэўных угоддзяў без дакументаў.

Уздзенскі раён. Лашанскае лясніцтва. Дзве дзялянкі. На адной з пілой працуе Леанід Калацкі, за сотні метраў на харвестары валіць лес брыгада Сяргея Новіка, а гэта прамежкавы склад. І дадаўшы ў кожны з этапаў інфармацыйныя тэхналогіі, атрымліваем каранёвую сістэму новага праекта, які ў рэжыме рэальнага часу і будзе весці ўлік высечаных дрэў. Але пра ўсё па парадку. Працу над стварэннем агульнай базы даных драўніны і дамоў з ёй Мінлясгасу ўрад даручыў яшчэ ў 2017. Вывучыўшы вопыт іншых дзяржаў, спецыялісты профільнага ведамства распрацавалі план стварэння айчыннай АДАІС. Ужо год механізм тэсціруюць ва Уздзенскім, Гродзенскім і Драгічынскім лясгасах.

Уладзімір Крэч, намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі: "Увядзенне вось гэтых інфармацыйных тэхналогій для міністэрства - гэта неабходны крок, які нам павінен забяспечыць у першую чаргу памяншэнне працаёмкасці работы ў лесе, павысіць эфектыўнасць прыняцця кіраўнічых рашэнняў, дакладнасць уліку, кантролю за прадукцыяй".

Ужо на чэку, які выпісвае на прамежкавым складзе начальнік лесапункта Сяргей Новік, падрабязная біяграфія партыі: дата, час, месца аж да геаграфічных каардынат. Інфармацыя аб адгрузцы аўтаматычна з'яўляецца ў базе даных. Там жа яшчэ да гэтага раз на дзень абнаўляюцца звесткі аб высечанай драўніне. Зараз улік вядзецца як электронны, так і ручны. І гэта пакуль асноўная цяжкасць.

І тут, мабыць, варта звярнуць увагу яшчэ на адзін момант. Харвестар абсталяваны камп'ютарам, вось толькі звесткі, хай і адразу ў мабільны дадатак, спецыялісту прыходзіцца ўводзіць уручную. Пакуль. Тут яшчэ наперадзе праца з вытворцамі тэхнікі.

Зараз электронная сістэма складаецца з трох мабільных і двух камп'ютарных дадаткаў. Стварэнне яшчэ аднаго распрацоўшчыкі анансуюць сёлета і для кантралюючых органаў. У праграму кожны карыстальнік уваходзіць пад сваім лагінам і паролем, і выконваюцца дзеянні толькі ў рамках свайго допуску.

Распрацоўка цаной больш як на мільён долараў. Траціну ўжо засвоілі. Усё за сродкі інвестыцыйнага фонду Мінлясгаса. Па ўсіх лясах АДАІС заробіць праз два гады. Час на дапрацоўку ёсць. Але ўжо сёння ясна: без электроннага пашпарта не застанецца ні адно дрэва.