Адзін з найбуйнейшых інвестараў Дубая будзе развіваць праекты ў рэальным сектары эканомікі Беларусі

21 ноября 2019
Інвестыцыі з Блізкага Усходу. Аб магчымасцях супрацоўніцтва і сумесных праектах сёння ішла размова на сустрэчы Прэзідэнта з Мухамедам Алі Аль-Абарам - старшынёй савета дырэктараў кампаніі Emaar Properties.

Беларусь - ААЭ: інвестыцыі і праекты

Гэта найбуйнейшы інвестар і дэвелапер арабскага свету. Сустрэча праходзіць па слядах перамоў, што адбыліся ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. У пачатку лістапада Прэзідэнт Беларусі наведваў ААЭ з візітам. З кіраўніцтвам краіны тады быў дасягнуты шэраг дамоўленасцяў. Ёсць цікавасць супрацоўнічаць у прамысловасці, АПК, лагістыцы, будаўніцтве і не толькі. Аператыўна ўзяліся за прапрацоўку праектаў. З улікам маштабу і амбіцыйнасці заяўленых планаў наш Прэзідэнт паабяцаў усялякае садзейнічанне бізнесу. 
Супрацоўнічаць з гэтай эмірацкай кампаніяй у інвестыцыйнай сферы хацелі б многія краіны свету. Але менавіта на беларускай пляцоўцы гатовыя развіваць праекты. Гэта было б немагчымым без дыялогу, які наладжаны з дзяржавамі Персідскага заліва намаганнямі нашага Прэзідэнта. Зараз прыдатны час, каб канвертаваць палітычны капітал  у канкрэтныя эканамічныя праекты. Гэта справа найбліжэйшай будучыні.
 

Emaar Properties зоймецца ў Беларусі гасцінічным бізнесам


Аляксандр Турчын, першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі:  "Кірункі розныя. Мы абмеркавалі шырокі спектр пытанняў: сельская гаспадарка, прамысловасць, дэвелаперскія праекты. Рашэнні пэўныя прыняты. Зараз гэтыя праекты павінны быць дасканала прапрацаваныя, падрыхтаваныя тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні. Прэзідэнт гатовы яшчэ раз сустрэцца, каб ужо больш падрабязна абмеркаваць гэтыя рэчы".

Аляксандр Турчын дадаў, што праекты знаходзяцца ў рознай ступені гатоўнасці, але "па ўсіх зразумелыя рух і тэрміны".
Аб'ём эмірацкіх інвестыцый за мінулы год ужо наблізіўся да сотні мільёнаў долараў. Але гэта няшмат у параўнанні з патэнцыялам арабскіх інвестараў і ўзроўнем іх цікавасці да Беларусі. Гэта зразумела па маштабе кампаніі, якую прадстаўляе госць. 
Emaar Properties    - вядомая не толькі на Блізкім Усходзе, але і ва ўсім свеце інвестыцыйная кампанія. Яе актывы, паводле інфармацыі Блумберг, ацэньваюцца ў 30 мільярдаў долараў.