Абноўленыя банкноты наміналам 5 і 10 рублёў паказаў Нацыянальны банк Беларусі

20 мая 2019

Новыя ўзоры ўваходзяць у абарачэнне і хутка з'явяцца ў кашальках беларусаў. Іх дастаткова няпроста адрозніць ад цяперашніх купюр -  форма і колеравая гама захаваныя. А вось ступень абароны павышана. Расійскі Дзяржзнак, дзе дадрукоўвалі наяўнасць, дадаў вадзяных знакаў, а архітэктурныя будынкі надрукаваў па новых клішэ. 

Новыя купюры разгледзела Святлана Лук’янюк.

Пяці- і  десяцірублёўкі вырашана было дадрукаваць. Вялікі аб'ём гэтых банкнот, уведзеных у абарачэнне ў 2016 годзе пасля дэнамінацыі, стаў трухлявым і пайшоў ва ўтыль. Так, 5-рублёвых купюр ужо знішчана 46 %, а 50-рублёвых толькі 5 %. Наогул на рынку Беларусі менавіта гэты нізкі намінал займае да 40 % (ім больш за ўсё беларусы разлічваюцца), а таксама выкарыстоўваецца як разменная манета для здачы.  Каб не было дэфіцыту гэтага наміналу на рынку, вырашылі выпусціць свежыя грошы. І на першы погляд новыя купюры нічым не адрозніваюцца ад тых, што  выкарыстоўваем зараз, але ўсё-такі некаторыя змяненні ёсць.

Напрыклад, у іх дадатковы вадзяны знак і шырэйшая ахоўная нітка. Трохі змяніўся і дызайн: зніклі надпіс "Старшыня Праўлення" і факсіміле подпісу кіраўніка Нацбанка. Таксама дэталізаваныя і падпісаныя архітэктурныя ансамблі. Гэта Камянецкая вежа на пяці і Спаса-Праабражэнская царква на дзесяці рублях. Год выпуску замест 2009-га  2019-ты. 

Друкаваліся грошы на фабрыцы ў Пермі. Тэндар выйграў расійскі Дзяржзнак, дзе сышліся дзве ўмовы: якасць прадукцыі і прымальная цана. Заказалі адразу ўвесь банкнотны  рад. Пачалі з самага нізкага, павысіўшы ў першую чаргу абарону. Бо нездарма гавораць: каб не стаць лёгкай здабычай фальшываманетчыкаў, трэба відазмяняць гэтыя элементы раз  на пяць гадоў. 

Знакі і ніткі наносяцца і на спецыяльную паперу для будучых грошай. Прычым многае тут закрыта ад старонніх вачэй. Заказчык вызначае набор, зыходзячы з таго, ці частыя падробкі. Таксама абарону ўмацоўваюць і падчас друкавання.

Сёння падчас прэзентацыі банкноты новага ўзору дазволілі ўбачыць і патрымаць у руках журналістам. Заказ з Пермі ўжо ў нашым цэнтральным сховішчы. Тут яго ўвесь пералічаць і адправяць на захоўванне - чакаць афіцыйнага выхаду, калі грошы апынуцца ў нас на руках. 

Але галоўнае - разам з купюрамі новага ўзору і ўсе цяперашнія грошы, якія ў нас на руках, прыдатныя для разлікаў. У сярэднім папяровыя купюры жывуць да 5 гадоў. Ды і то высокага наміналу, дробныя часта  страчваюць форму і выгляд і праз год. Магчымасць падоўжыць іх выкарыстанне - лакіроўка. На новых банкнотах яна двухбаковая з умацаваным краем. У Нацбанку запэўніваюць: гэта павялічыць жыццё купюрам  у паўтара раза, што, безумоўна, плюс, бо да пераходу на поўную безнаяўнасць яшчэ далёка. 

У наступным годзе дадрукуюць новыя дваццаці- і пяцідзесяцірублёўкі. Па астатніх запасаў у сховішчы хапае. Доля абарачэння сотні  - каля 5,5 %. На 200 і 500 рублёў прыпадае ўсяго толькі 0,05. Значыць, часу страціць выгляд у іх не было.