Пра самыя амбіцыйныя праекты Беларусі гаварылі на выставе нерухомасці ў Канах

20 ноября 2014

Сёння пра інвестыцыйныя магчымасці нашай краіны і пра самыя амбіцыйныя праекты гавораць і на найбуйнейшай выставе нерухомасці ў Канах. Ля беларускага стэнда на Мапіку (менавіта так называецца міжнародны форум) з моманту яго адкрыцця абмяркоўваюць не толькі поспех Маяка Мінска, але і новы комплекс Мінск-Свет. На тэрыторыі былога аэрапорта Мінск-1 у сталіцы з'явіцца шматфункцыянальны горад у горадзе - гэта кватэры, таўнхаўсы, гандлёвыя і бізнес-цэнтры. Дарэчы, менавіта бізнес-цэнтр павінен стаць, згодна з планам, самым вялікім ва Усходняй Еўропе. Чым будзе здзіўляць Мінск-Свет, ведае Ксенія Рабчынская.


Прагуляцца па самых фешэнебельных бутыках свету, але нічога не купіць. Сёння ў Канах праекты лепшых гандлёвых цэнтраў і молаў з сямі дзясяткаў краін прэзентуюць на выставе Мапік. Французская Рыўера ўжо дваццаты, юбілейны, раз становіцца пляцоўкай для пошуку новых бізнес-партнёраў: вядучы міжнародны рынак гандлёвай нерухомасці сёлета сабраў пад адным дахам больш за 8 тысяч стэндаў. На адным з іх прэзентуюць абсалютна новы праект Мінск-Свет.


Гэры Буроўз, намеснік дырэктара ААТ Зомекс інвестмент - начальнік аддзела па кіраванні камерцыйнай нерухомасцю: Наша гісторыя поспеху доўжыцца ўжо чатыры дзясяткі гадоў. Дана Холдынгс рэалізоўвала праекты ад Бялграда да Багдада, ад Мінска да Масквы. Сваю работу ў Беларусі мы пачалі з паспяховага праекта Маяк Мінска. Гэта мільён квадратных метраў. На чарзе комплекс Мінск-Свет. Гэта яшчэ 3 мільёны квадратных метраў жылплошчы, офісных і гандлёвых плошчаў.


Комлекс вырасце на тэрыторыі былога аэрапорта Мінск-1. Цікавасць да беларускага праекта на выставе каласальная, і гэта можна растлумачыць.


Адметнасцю комплексу Мінск-Свет стане Міжнародны фінансавы цэнтр, які ўжо, яшчэ не з'явіўшыся, эксперты назвалі адным з найбуйнейшых у Еўропе. Аналагі ёсць у Сінгапуры, Дубаі і Ганконгу. Па планах ён стане месцам сустрэчы бізнес-інтарэсаў Усходу і Захаду.


Фабрыцыа Росі, кіраўнік выстаў MIPIM і MAPIC па краінах Усходняй Еўропы: Нам асабліва прыемна, што выстава сёлета стала месцам прэзентацыі новых комплексаў. Мінск-Свет па-сапраўднаму ўнікальны. І менавіта такія праекты дапамагаюць прыцягнуць новых інвестараў і станоўча ўплываць на развіццё эканомікі краіны ў цэлым.


Пакуль Мінск-Свет - гэта канцэпцыя на паперы, іншы праект Дана Холдынгс - Маяк Мінска - ужо цалкам рэальная жылплошча для тысяч беларусаў. Ідэя горад у горадзе прадугледжвае, што ў комплексе будзе ўся інфраструктура для камфортнага жыцця. Гэта і школа, і магазіны, і гандлёва-забаўны цэнтр Дана-Мол.


Паглядзець на панараму Мінска і Нацыянальную бібліятэку наведвальнікі найбуйнейшага гандлёвага цэнтра Дана-Мол змогуць ужо наступнай восенню. На плошчы 200 тысяч квадратных метраў адкрыюцца кафэ, рэстараны, мультыбрэндавыя магазіны і бутыкі, прычым многіх гандлёвых марак дагэтуль у Мінску проста не было. Тут жа запрацуе і буйны бізнес-цэнтр.


Сёння ідэю Дана-Мол высока ацанілі і на форуме ў Канах. Будаўнічы холдынг атрымаў узнагароду за лепшую канцэпцыю гандлёва-забаўнага цэнтра ва Усходняй Еўропе. Сам жа праект Маяк Мінска таксама прынёс яго натхняльнікам некалькі сур'ёзных узнагарод і прэмій. Адна з іх - за лепшы шматфункцыянальны комплекс. А ўжо ў наступным годзе конкурс лепшых праектаў камерцыйнай нерухомасці пройдзе ў Мінску.


Крэйг Сміт, дырэктар і заснавальнік EuropaProperty: Дазвольце ўрачыста аб'явіць: 26-27 сакавіка 2015 года ў Мінску адбудзецца першая цырымонія ўзнагароджання North Eastern Europe Real Estate Awards, арганізатарам якой выступае група кампаній Dana Holdings.


Плануецца, што на гэтым форуме таксама збяруцца самыя ўплывовыя гульцы еўрапейскага будаўнічага рынку, і, магчыма, многія з іх, гэтак жа, як і Дана Холдынгс, адкрыюць для сябе Беларусь як ідэальную пляцоўку для інвестыцый. А, значыць, прывязуць у нашу краіну лепшыя архітэктурныя праекты свету.