Аб гатоўнасці да зімовага сезона сектара ЖКГ будуць гаварыць на прэзідыуме Саўміна

19 сентября 2017

Ля Дома ўрада ў гэтыя хвіліны працуе наш карэспандэнт Святлана Лук’янюк (прамое ўключэнне). Традыцыйна напрыканцы верасня чыноўнікі ў Доме ўрада гавораць аб тым, як гатовы ўсе службы краіны да работы ў ацяпляльны перыяд. Іншымі словамі, калі прыйдзе ў нашы дамы цяпло, ці не будзе збояў і аварый пры ўключэнні ацяплення і ці хопіць запасаў паліва.

Сёння асноўным дакладчыкам на прэзідыуме Саўміна будзе першы намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Крутой. Размова пойдзе і аб атрыманні пашпартоў гатоўнасці ўсіх цеплакрыніц. Гэтую работу плануюць завяршыць да 1 кастрычніка.

І якраз на пасяджэнні будзе названы працэнт гатоўнасці. Трэба сказаць, што нараўне з планавымі рамонтамі вадаправодных сістэм і кацельняў летам праводзілася і поўная іх мадэрнізацыя. А гэта станоўча павінна паўплываць на зніжэнне выдаткаў. Дзеля чаго, уласна, усё арганізоўвалася. Гэта галоўная на сёння задача. Бо паралельна з выхадам на 100-працэнтную аплату паслуг ЖКГ увага надаецца зніжэнню іх сабекошту, каб квартплаты не моцна білі па нашых кашальках. Наколькі спраўляюцца з вырашэннем гэтай задачы чыноўнікі ў цэнтры і на месцах, сёння абмяркуюць у Доме ўрада.