Новы завод сульфатнай беленай цэлюлозы ў Светлагорску атрымае першую прадукцыю

21 марта 2016

Забяспечыць цэлюлозна-папяровыя прадпрыемствы краіны якаснай сыравінай і нарошчваць экспартны патэнцыял. Новы завод сульфатной беленай цэлюлозы ў Светлагорску ўжо сёлета атрымае першую прадукцыю. Зараз яго гатоўнасць 95 працэнтаў, на прадпрыемстве ідуць пуска-наладачныя работы. Гэта адзін з найбуйнейшых беларуска-кітайскіх праектаў. Магутнасць вытворчасці складзе 400 тысяч тон. Акрамя таго, тут створана прыкладна 500 новых рабочых месцаў. А для маладых спецыялістаў пабудавалі інтэрнат сямейнага тыпу.

Падрабязнасці ў рэпартажы Вольгі Халадовіч.

Першы і адзіны ў Беларусі завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы стане адным з найбуйнейшых на ўсёй постсавецкай прасторы. Прадпрыемства поўнасцю аўтаматызаванае. А адзін з асноўных прыярытэтаў - экалагічны складальнік.

Юрый Крук, генеральны дырэктар Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната: "Гэтая вытворчасць з'яўляецца экалагічна бяспечнай, яна адпавядае ўсім міжнародным патрабаванням, а таксама патрабаванням прыродаахоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. У нас уласныя ачышчальныя будынкі, прадугледжаная ачыстка паветра, што дазваляе выканаць усе нарматывы".

Гэта сумесны беларуска-кітайскі інвестпраект. Кампанія з Паднябеснай будуе завод пад ключ. Прадукцыя, якую будуць выпускаць тут, імпартазамяшчальная. Больш за тое, ва ўсім свеце пастаянна расце попыт на беленую цэлюлозу. На прадпрыемстве ўжо пабывалі буйныя трэйдары, якія прадаюць цэлюлозу па ўсім свеце. У тым ліку і з Кітая.

Магутнасць новай вытворчасці - 400 тысяч тон прадукцыі за год. Патрэбнасці Беларусі ў беленай цэлюлозе - толькі траціна ад гэтага аб'ёму. Астатняе прадпрыемства будзе экспартаваць.

Гатоўнасць - 95 працэнтаў. На вытворчасці ўжо ідуць пуска-наладачныя работы. Працуюць не толькі кітайскія партнёры, але і маладыя спецыялісты. Выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў набіралі два гады.

Сям'я Фядосавых жыццё ў сталіцы прамяняла на невялікі райцэнтр. Свой выбар тлумачаць проста - жыллёвае пытанне. Для сваіх супрацоўнікаў Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат пабудаваў інтэрнат сямейнага тыпу.

Разам з Кацярынай і Сяргеем ключы ад новага жылля атрымалі яшчэ больш за паўтары сотні чалавек. Усе навасельцы будуць працаваць на новай вытворчасці. З запускам завода беленай цэлюлозы ў Светлагорску з'явяцца 500 новых рабочых месцаў.