Новы ўчастак МКАД2 плануюць адкрыць да канца снежня

9 декабря 2015

Дарожныя службы Мінскай вобласці рыхтуюць для адкрыцця новы ўчастак другой Мінскай кальцавой дарогі. Нагадаем, першыя 28 кіламетраў былі адкрыты для руху транспарту напачатку кастрычніка. Адкрыць чарговыя 18 кіламетраў цалкам плануюць да канца снежня. Паралельна дарожнікі вядуць будаўнічыя работы на другім этапе кальцавой. Ён бярэ пачатак ад трасы М6 Мінск - Гродна. Надзея Сербіненка падрабязна.

Пакуль па гэтай дарозе можа праехаць толькі будаўнічая тэхніка. Але ўжо хутка, да канца снежня, яе адкрыюць для ўсіх відаў транспарту. Траса ўжо гатовая, засталося толькі ўсталяваць дарожныя знакі і добраўпарадкаваць сумежную тэрыторыю.

Першы ўчастак кальцавой - гэта 46 кіламетраў бетоннага пакрыцця, новыя пуцеправоды, інжынерныя сеткі і ландшафт, які таксама кардынальна змяніўся. Першы ўчастак працягласцю 28 кіламетраў адкрыты напачатку кастрычніка. Другая палова ўжо таксама гатова. Зараз рабочая камісія ацэньвае як узровень бяспекі новага ўчастка, так і яго тэхнічныя характарыстыкі.

З-за сваіх тэхнічных асаблівасцяў бетоннае пакрыццё зімой патрабуе асаблівага догляду. Звыклыя пясчана-салявыя сумесі могуць пашкодзіць дарожнае палатно, таму пры мінусавых тэмпературах дарожныя службы будуць пасыпаць дарогу выключна дробным пяском. Пры гэтым дазволеная хуткасць на другой кальцавой для легкавога транспарту - 120 кіламетраў. Сучаснае пакрыццё з лёгкасцю вытрымлівае такі высокі хуткасны рэжым.

Калі будаўнічыя работы на першым участку кальцавой завершаны, то на другім этапе ўсё толькі пачынаецца. 42 кіламетры запраектаванага дарожнага палатна праходзяць праз лясы і палі Мінскага раёна, таму работы пачынаюцца з высякання дрэў, потым фарміруюць новы ландшафт.

Агульная працягласць новай кальцавой аўтадарогі вакол Мінска - 159 кіламетраў. Новая бетонка - стратэгічны аб'ект. Яна дазволіць не толькі разгрузіць асноўную кальцавую ад патоку транзітнага транспарту, але і дасць імпульс для развіцця інфраструктуры ў населеных пунктах, праз якія будзе праходзіць новая траса.