Новы цэнтр распрацоўкі ў Парку высокіх тэхналогій. Кампанія SK Hynix пашырае сваю прысутнасць у Беларусі

19 сентября 2018

Найбуйнейшыя сусветныя карпарацыі адкрываюць свае офісы ў Беларусі. Сёння ў Мінску расчыніў дзверы новы цэнтр распрацоўкі рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій - паўднёвакарэйскай кампаніі SK Hynix. Гэта адзінае яе прадстаўніцтва ва Усходняй Еўропе і першыя, але вялікія інвестыцыі карэйскага бізнесу ў беларускі IT-рынак. Прыход такіх сусветных гігантаў у нашу краіну кіраўніцтва ПВТ расцэньвае, як вынік працы па стварэнні эфектыўнай прававой базы пабудовы і развіцця IT- краіны.

Усевалад Янчэўскі, дырэктар Парка высокіх тэхналогій:

“SK Hynix - гэта сапраўды сусветная кампанія, сусветны гігант, прызнаны лідар у сваёй сферы. Вядома, вельмі добра, што такая магутная карпарацыя энергічна пашырае сваю прысутнасць у Беларусі. Вядома, гэта прамы вынік рашэнняў, прынятых Кіраўніком дзяржавы, і падпісанага ім Дэкрэта аб развіцці лічбавай эканомікі".

Карэйская кампанія прыйшла ў Беларусь 4 гады таму і сёння гатовая пашыраць супрацоўніцтва. Новы офіс - гэта 2 тысячы квадратных метраў. Штат павялічыўся ўтрая, амаль да 200 чалавек. І гэта, паводле слоў бізнесменаў, толькі пачатак. Працуюць тут пераважна беларускія спецыялісты, дэманструючы высокі клас у распрацоўцы мікрасхем.

Джэйсан Лі, першы віцэ-прэзідэнт кампаніі SK Hynix Memory Solutions Eastern Europe:

"Мы вельмі задаволеныя супрацоўніцтвам з Беларуссю і дасягнутымі высокімі вынікамі. Я ніколі не мог падумаць, што мы будзем першаадкрывальнікамі карэйскага бізнесу ў Беларусі. Гэтыя чатыры гады паказалі высокі прафесіяналізм супрацоўнікаў беларускага прадстаўніцтва. І мы кожны год павялічваем капіталаўкладанне ў яго развіццё".

Крыс Ховард, дырэктар кампаніі SK Hynix Memory Solutions Eastern Europe:

"Падтрымка развіцця IT-сектара на ўзроўні кіраўніцтва Беларусі, увядзенне 30-дзённага бязвізавага рэжыму - гэта добры сігнал для буйных сусветных кампаній адкрываць у вас свае прадстаўніцтвы. Усё гэта і падтрымка з боку Парка высокіх тэхналогій паўплывала і на наша рашэнне аб пашырэнне супрацоўніцтва".

Карэйская кампанія - найбуйнейшы і самы хуткарослы ў свеце вытворца чыпаў. Яе мікрасхемы і аператыўная памяць - амаль на ўсіх камп'ютарах вядучых вытворцаў аргтэхнікі. Летась яна зарабіла каля 30 мільярдаў долараў, павялічыўшы выручку на 80 %. Сёлета - ужо плюс 20 %. Унёсак у агульную скарбонку і ад беларускага прадстаўніцтва.